Фотаконкурс “Міншчына вачамі маладых”, прымеркаваны да юбілею вобласці, сабраў работы таленавітых аўтараў ва ўзросце ад 14 да 31 года.
У творчым спаборніцтве, акрамя прафесійных фатографаў, нават удзельнічаюць аўтарскія калектывы, арганізацыі і сем’і.
Раённы этап конкурсу, арганізаваны аддзелам па справах моладзі райвыканкама, таксама падыходзіць да развязкі. Свае работы на суд журы маладыя фатографы падавалі ў чатырох намінацыях да 15 студзеня.
Факт з будзённага жыцця або яркую, хвалюючую падзею з біяграфіі вобласці можна было адлюстраваць на фота пад назвай “Адзін дзень з жыцця…”. Многія прадастаўлялі здымкі ўнікальнай прыроды і помнікаў архітэктуры ў намінацыі “Міншчына – мая малая радзіма”. Амбіцыйныя, поўныя ідэй маладыя людзі выбіралі для сваіх фатаграфій намінацыю “Будучыня – гэта мы!”, дзе паказвалі цікавыя моманты ўдзелу моладзі ў грамадска-палітычным жыцці. Некаторыя з дапамогай фотаапарата паспрабавалі адлюстраваць жыццё сучаснай маладой сям’і.
Работы канкурсантаў былі як каляровыя, так і чорна-белыя і прадстаўлялі ўсе жанры фотамастацтва: партрэт, пейзаж, калаж, фотаэцюд і інш.
Заключным этапам раённага этапу конкурсу стане выстава ў Цэнтры культуры. Пераможцаў узнагародзяць памятнымі дыпломамі і прызамі, а іх лепшыя работы адправяцца ў Мінск на фінальны тур спаборніцтва. Яны неўзабаве размесцяцца на афіцыйным сайце Мінскага аблвыканкама, а таксама выкарыстаюцца ў інфармацыйна-рэкламных матэрыялах.
Алена ПАШКЕВІЧ.