АГЛЯД ПАДЗЕЙ У РАЁННАЙ ГАЗЕЦЕ ЗА СТУДЗЕНЬ 1968 ГОДА

Культура

Новы клуб.

Добры падарунак атрымалі нядаўна хлебаробы сельгасарцелі «1 Мая». У вёсцы Стайкі пабудаваны брыгадны клуб.

Цяпер ім ёсць дзе культурна правесці вольны час. У клубе часта дэманструюцца кінафільмы, можна пачытаць свежыя газеты і часопісы. Асабліва мнагалюдна  і ажыўлена бывае ў клубе ў святочныя дні. Тут праходзяць урачыстыя вечары і сходы, дыспуты. Людзі ахвотна ідуць у свой клуб. І ў гэтым немалая заслуга яго загадчыцы кандыдата ў члены КПСС Антаніны Наквас. Яна з’яўляецца завадатарам усіх цікавых мерапрыемстваў.

 

Назвалі лепшых

Падведзены вынікі абласнога спаборніцтва механізатараў. У ліку перадавікоў уборкі збожжавых значацца імёны механізатараў нашага раёна, якія заносяцца на абласную Дошку гонару:

Камбайнер саўгаса «Багданаўскі» Ф. К. Людкоўскі, які ўбраў камбайнам СК-4 431 гектар збажыны і намалаціў 429 тон зерневых (удастоены прэміі ў памеры 40 рублёў);

Камбайнер саўгаса «Залескі» Н. А. Майсіновіч, які такой жа машынай зжаў 366 гектараў збажыны пры намалоце 370 тон (прэмія прысуджана ў памеры 35 рублёў);

Камбайнер саўгаса «Ракаўскі» А. А. Забела, які зжаў 320 гектараў збожжавых культур пры намалоце 332 тоны (прэмія прысуджана ў памеры 30 рублёў).

Высокага права быць занесенымі на абласную Дошку гонару ўдастоены таксама машыніст збожжавага ачышчальна-сушыльнага тока сельгасарцелі «17 верасня» Б. І. Быкоўскі і трактарыст саўгаса «Залескі» В. К. Такарэвіч, які застагаваў 900 тон саломы.

 

Усе працэсы механізаваны

Змянілася знешняе аблічча жывёлагадоўчай фермы ў вёсцы Букатова. Здадзены ў эксплуатацыю новы кароўнік на 200 галоў.

Тут амаль усе работы выконваюць механізмы. З іх дапамогай ажыццяўляецца раздача кармоў, уборка гною, паенне. Шмат механізмаў таксама ў свінарніку-матачніку, які нядаўна ўступіў у строй. Гной тут убіраецца з дапамогай скрабковага транспарцёра. Кармы прыгатаўляюцца ў механізаваным цэху. Адсюль яны па трубах паступаюць у сталовую. Змяншэнне долі ручной працы будзе садзейнічаць зніжэнню сабекошту прадукцыі, росту рэнтабельнасці арцельнай вытворчасці.

 

Ля «блакітнага экрана»

Багацее, набірае сілу калгас імя Чарняхоўскага. Адначасова паляпшаецца дабрабыт і культурны ўзровень хлебаробаў.

Адна толькі вёска Запур’е можа быць прыкладам гэтаму. Першае, што радуе, калі пад’язджаеш да яе, – мноства тэлевізійных антэн. Тут шмат матацыклаў, пральных машын. Кожны чацвёрты жыхар вёскі мае тэлевізар. А ўсяго тут 15 тэлевізійных прыёмнікаў.

 

Вярнуліся з Масквы

Днямі з экскурсійнай паездкі ў сталіцу нашай Радзімы – Маскву вярнулася група калгаснікаў і спецыялістаў сельгасарцелі «Бальшавік». Сярод іх – старшыня праўлення арцелі А. Ляйбінскі, брыгадзіры В. Шніп і І. Кавалеўскі, калгасніца Д. Шамай, аграном І. Чэрнік і іншыя.

На працягу сямі дзён знаёміліся яны са славутасцямі аднаго са старажытнейшых гарадоў нашай краіны. Сярод памятных месцаў, з якімі азнаёміліся члены сельгасарцелі, – Маўзалей У. І. Леніна, Выстаўка дасягненняў народнай гаспадаркі, гістарычны музей, панарама Барадзінскай бітвы.

 

Моладзь вучыцца

Усе юнакі і дзяўчаты сельгасарцелі «Верны шлях» працуюць у калгаснай вытворчасці, дружна жывуць і весела адпачываюць.

Акрамя гэтага тут усе вучацца. Камітэт камсамолу не выпускае з поля зроку пытанне павышэння агульнаадукацыйнага, палітычнага і прафесіянальнага ўзроўню юнакоў і дзяўчат. 7 камсамольцаў займаюцца завочна ў ВНУ, 2 – у сярэдніх навучальных установах, 26 – у завочных і вячэрніх агульнаадукацыйных школах, 7 камсамольцаў займаюцца ў сістэме партыйнай вучобы. Летась 5 юнакоў і дзяўчат накіраваны ў ВНУ і тэхнікумы праўленнем калгаса. Многія камсамольцы займаюцца ў гуртках агразаавучобы.

 

З клопатам пра быт

Шмат робіцца для далейшага паляпшэння жыллёва-бытавых умоў калгаснікаў у сельгасарцелі «17 верасня».

За апошнія два гады з дапамогай гаспадаркі пабудаваны 16 дамоў, а 25 – капітальна адрамантаваны. На тэрыторыі калгаса ўзведзены будынкі камбіната бытавога абслугоўвання, магазіна, сталовай, пяці лазняў. У вёсках Нарэйшы і Маршалкі ёсць дзе цяпер культурна адпачыць: здадзены ў эксплуатацыю брыгадныя клубы. Увядзенне ж у строй сямі воданапорных вежаў дазволіла поўнасцю і ў дастатковай колькасці забяспечыць насельніцтва вадой.

 

Памераліся сіламі

У дні зімовых канікул былі праведзены спаборніцтвы па настольным тэнісе. У іх прынялі ўдзел 60 вучняў з 15 сярэдніх школ раёна.

У фінал спаборніцтваў выйшлі Валожынская школа-інтэрнат, Івянецкая, Валмянская, Ракаўская, Гародзькаўская, Яршэвіцкая і валожынскія сярэднія школы № 1 і № 2. Першынством авалодала Ракаўская СШ. На другое месца выйшлі спартсмены з Валожынскай школы-інтэрната. Адбыўся і раённы шахматны турнір. Першынство за спартсменамі Валожынскай школы-інтэрната. Асабістае першае месца сярод шахматыстаў заняў вучань Валожынскай СШ № 2 А. Зубкоў. Сярод дзяўчынак перамогі дабілася С. Курачкіна, вучаніца Валожынскай сярэдняй школы № 1.

 

Працуюць меліяратары

Валожынская лесамеліярацыйная станцыя – самае маладое прадпрыемства ў раёне. Але на рахунку меліяратараў ужо ёсць добрыя справы.

Нядаўна тут закончана пракладка канала ва ўрочышчы «Дарагунь». Гэта дазволіла асушыць 60 гектараў забалочанага лесу. У мароз і мяцеліцу працуюць экскаватаршчыкі Іван Зенька і Уладзімір Рай. Яны штодзённа перавыконваюць вытворчыя заданні. У трэцім годзе пяцігодкі меліяратары асушаць 3290 гектараў забалочаных і пераўвільготненых лясоў.

 

Адкрыўся Дом гандлю

Сельскі Дом гандлю гасцінна адчыніў днямі дзверы на тэрыторыі першай паляводчай брыгады калгаса імя Леніна.

У двухпавярховым цагляным будынку – усё для пакупнікоў. На першым паверсе – гастранамічныя тавары, прадукты харчавання, хлебабулачныя вырабы. Гандлёвая зала абсталявана новымі сучаснымі халадзільнікамі, прылаўкамі, шафамі. Усё аздоблена пластыкам, гараць лямпы дзённага святла. На другім паверсе пакупніку прапануюць прамысловыя тавары, адзенне, абутак, трыкатажныя вырабы. У свой час пайшчыкі далі наказ праўленню валожынскага гарадскога спажывецкага таварыства пабудаваць новы магазін для абслугоўвання калгаснікаў. Наказ выкананы. Новы магазін – адзін з васьмі, якія будуць пабудаваны сёлета ў калгасах і саўгасах раёна.

 

Рэйсы ўрадлівасці

Аўтатрактарны поезд выходзіць кожную раніцу з калгаса «Краіна Саветаў» у напрамку тарфяных кар’ераў. У яго складзе 12 трактароў з прычэпамі, бульдозер, трактарны пагрузчык і 11 аўтамашын.

На працягу ўсяго дня няспынным патокам цячэ тарфакрошка да ферм. Тут яе выкарыстоўваюць на подсціл жывёле. На палях тарфакрошку кампастуюць з гноем і мінеральнымі ўгнаеннямі. Сярод механізатараў вызначаецца камсамолец Міхаіл Станкевіч. На трактары МТЗ-2 ён дастаўляе штодзённа па 7-10 тон сухой тарфяной крошкі. Малады трактарыст не адстае ад сваіх старэйшых таварышаў Івана Макляка і Васіля Станкевіча. Па 300 і больш тон угнаенняў прыбаўляецца кожны дзень на арцельных палях. А ўсяго ў калгасе ад плана ў 35000 тон нарыхтавана каля 15000 тон мясцовых угнаенняў, амаль па 14 тон на гектар яравога кліна.

 

Збіраюцца выпускнікі

Ужо многа год у Пяршайскай сярэдняй школе існуе гэта выдатная традыцыя. Кожны год зімой, у канцы студзеня, у школе збіраюцца яе былыя выхаванцы.

Яны заходзяць у свае класы, садзяцца за парты і вядуць вялікую і шчырую размову пра працу, вучобу, жыццё, незабыўныя і цудоўныя школьныя гады, спяваюць песні. Сустрэча з былымі выпускнікамі – сапраўднае свята ў школе. І вучні, і настаўнікі старанна рыхтуюцца да яго. Штогод напярэдадні традыцыйнага вечара паміж класамі праводзяцца агляды-конкурсы мастацкай самадзейнасці. Лепшыя нумары журы ўключае ў канцэрт, з якім рабяты выступяць перад сваімі старэйшымі таварышамі.

 

Жывёлаводы вучацца

Заатэхнічныя заняткі загадчыкаў свінагадоўчых ферм і свінарак саўгаса «Падбярэззе», калгасаў «1 Мая», імя Чарняхоўскага і імя М. Горкага адбыліся нядаўна ў саўгасе «Багданаўскі».

Работнікі свінагадоўчых ферм азнаёміліся з тэхналогіяй утрымання жывёлы, спосабамі і эфектыўнасцю выкарыстання кармавых антыбіётыкаў. Тлумачэнні давалі галоўны заатэхнік саўгаса І. С. Карповіч, работнікі фермы. Галоўны ветурач саўгаса «Багданаўскі» А. Г. Бітэль правёў гутарку на тэму: «Прафілактыка захворванняў і лячэнне свіней». Заатэхнік-селекцыянер А. І. Альфер расказала пра племянную работу на ферме. На шматлікія пытанні пра арганізацыю работы і аплату працы свінаводаў адказалі дырэктар саўгаса Д. П. Альфер, інжынер па нармаванні і аплаце працы У. І. Тамковіч. У заключэнне заняткаў свінаводы наведалі ферму калгаса імя М. Горкага, дзе азнаёміліся з утрыманнем матачнага пагалоўя і парасят.

Старонкі газеты гартаў

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий