НЕСЦІ СВЯТЛО ЛЮДЗЯМ

Общество

Значнага поспеху дасягнуў аўтарскі калектыў вучняў-дзесяцікласнікаў гімназіі № 1 райцэнтра на чале з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Людвікай Станіславаўнай Таўгень на рэспубліканскім конкурсе даследчых работ «Праз творчасць у прафесію жыцця».

У намінацыі «Прызванне. Творчасць. Майстэрства» іх сумесная работа пад назвай «Несці святло людзям», якая прысвечана нашым землякам — творчай і таленавітай сям’і Лямбовічаў з Ракава, атрымала дыплом II ступені.

Рэспубліканскаму этапу, як і звычайна, папярэднічаў абласны, ужо тут працу вучняў высока ацаніла журы, а работа атрымала дыплом I ступені. Прэзентаваць жа яе на рэспубліканскім узроўні ў нацыянальным дзіцячым аздараўленчым лагеры «Зубраня» выпаў гонар прадстаўніцы аўтарскага калектыву Марыі Пракопчык.

Гімназісты ўжо мелі аналагічны поспех у мінулым годзе на конкурсе «Мае землякі – мой гонар». Па гэтай жа тэме была напісана творчая работа пра кіраўніка заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага ансамбля «Гасцінец» Ракаўскага цэнтра фальклора Лізавету Пятроўскую і яе сям’ю. У намінацыі «Гонар і слава маёй Бацькаўшчыны» вучні таксама атрымалі дыплом I-й ступені на вобласці і II-й – на рэспубліцы.

Варта дадаць, што апошняя змена ў лагеры «Зубраня» была цалкам арганізавана для творчай і таленавітай моладзі, удзельнікаў і пераможцаў рознага узроўню конкурсаў, алімпіяд, канферэнцый. Акрамя Марыі Пракопчык тут змаглі плённа папрацаваць, абмяняцца вопытам з равеснікамі і весела адпачыць яшчэ пяць школьнікаў з нашага раёна: гімназісты Дзмітрый Якутовіч і Марыя Гаўрыс, вучаніца СШ № 1 Людміла Герштыновіч, ракаўчанін Павел Лямбовіч і Вікторыя Садоўская з Вішнеўскага НПК.

Дыпломам лаўрэата на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу даследчых работ «Таямніцы малой радзімы» ў намінацыі «Паданні» ўзнагароджана і яшчэ адна гімназістка — сямікласніца Ксенія Віршыч. Яе работа па літаратуры «Мова зямлі – памятка гісторыі. Паходжанне назвы вёскі Цаюны», над якой працавала пад кіраўніцтвам настаўніка беларускай мовы і літаратуры Наталлі Мікалаеўны Віршыч, была вылучана ў ліку лепшых.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий