УСЛАЎЛЯЛІ ДАСЯГНЕННІ, НАБЫТКІ, ПАДЗЕІ

Официально

15 студзеня двойчы ардэнаносная Мінская вобласць адзначыла 75-гадовы юбілей.

Да святкавання слаўнай даты далучыліся і валожынцы. У раённым Цэнтры культуры прайшло ўрачыстае мерапрыемства, якое сабрала поўную залу гледачоў.

Многія з запрошаных прыйшлі ў парадных касцюмах, на якіх зіхацелі баявыя і працоўныя ўзнагароды. Для ветэранаў вайны, якія абаранялі Радзіму ад ворага, а затым аднаўлялі і будавалі яе, стваралі і прымнажалі народнае багацце, гэты святочны дзень нёс у сабе асаблівы, глыбокі сэнс…

Менавіта на гэта і звярнуў увагу прысутных старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч, выступаючы з вітальнай прамовай. Кіраўнік раённай вертыкалі адзначыў неацэнны ўклад старэйшага пакалення, якое заклала трывалы фундамент для развіцця цэнтральнага рэгіёна краіны. І сёння добрыя традыцыі атрымліваюць дастойны працяг. Да прыкладу, уклад толькі Валожыншчыны ў абласны каравай апошнія гады вагаецца ад 6 да 8 працэнтаў, а гэта вельмі значная доля. Уладзімір Антонавіч заўважыў, што хоць пэўныя ўпушчэнні ў працы былі, але ў годзе бягучым працоўныя калектывы Валожыншчыны выправяць існуючыя недахопы і дасягнуць запланаваных паказчыкаў у многіх галінах народнай гаспадаркі, істотна павысяць узровень сацыяльна-эканамічнага жыцця. У стваральным працэсе асаблівую ўвагу трэба звярнуць на старэйшае пакаленне – тых, хто ў свой час забяспечваў наш агульны дабрабыт, і дзяцей – у свой час яны пяроймуць ад нас працоўную эстафету…

Шчыра павіншаваў прысутных з агульным святам і колішні старшыня раённага Савета дэпутатаў С. С. Маляўскі. Сяргей Сяргеевіч, які выступіў ад імя ветэранаў працы, парадаваўся, што іх справы памятаюць і цэняць.

Сапраўды, Валожыншчына ў станаўленні Міншчыны іграла не апошнюю ролю. Менавіта наша зямля падарыла вобласці двух Герояў Сацыялістычнай Працы, каля 20 чалавек былі ўзнагароджаны ордэнам Леніна. Пра гэты і іншыя факты з насычанага на падзеі жыцця малой радзімы ў складзе цэнтральнага рэгіёна краіны гледачам распавялі ў абагульняючай мультымедыйнай прэзентацыі. А затым колішніх і сённяшніх рупліўцаў уславілі канцэртнымі нумарамі артысты раённага Цэнтра культуры, дзіцячыя эстрадныя і танцавальныя калектывы “Непаседы”, “Праменьчыкі” і “Грацыя”, гурт “Сваякі”, хор ветэранаў працы “Спяваючыя сэрцы”, ансамбль і хор Валожынскай школы мастацтваў.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий