ЛЕЧЫЦЬ ПАЗІТЫВАМ

Общество

Іван Віктаравіч Рогач звязаў сваё жыццё з медыцынай амаль чатыры дзясяткі гадоў таму. А калі быць дакладнай, яго працоўны стаж налічвае 37 гадоў, ды і запіс у працоўнай кніжцы – адзіны: з 1975 года назначаны на пасаду галоўнага ўрача Падбярэзскай урачэбнай амбулаторыі. 

Права аказваць людзям кваліфікаваную дапамогу, ратаваць ад хваробаў і траўмаў ён атрымаў разам з дыпломам Гродзенскага медінстытута. Калі пазней заканчваў інтэрнатуру па хірургіі пры Мінскай рэспубліканскай бальніцы, якая ў той час знаходзілася ў Бараўлянах, марыў стаць практыкуючым хірургам. Аднак папрацаваў ім усяго тыдзень. А затым лёс звязаў яго, ураджэнца Гродзеншчыны, з вёскай Подберазь. На працягу многіх гадоў падчас кожнага дзяжурства ён дастойна вытрымліваў бясконцы экзамен на прафесійнае майстэрства, уменне арыентавацца ў складаных сітуацыях і прымаць правільныя рашэнні, якія не толькі паляпшалі здароўе, а нават і выратоўвалі жыцці пацыентам.

Сёння праца ў амбулаторыі стала неад’емнай часткай жыцця, без яе, без свайго дружнага працавітага калектыву Іван Віктаравіч не ўяўляе далейшы лёс. Свой участак, а гэта 38 вёсак, дзе пражываюць каля 1200 чалавек, ведае, як свае пяць пальцаў. Да яго зараз далучылася і Багданаўская зона, тут, у Багданаўскай амбулаторыі ён таксама вядзе прыём. Кожны кіламетр шматлікіх дарог не раз пераадольваў у зімовыя завеі, летнюю спёку і восеньскае раздарожжа: спяшаўся на дапамогу тым, каму яна неадкладна была патрэбна. Зараз у пераважнай большасці на ўчастку пражываюць састарэлыя людзі – з гіпертанічнымі крызамі, сардэчнымі захворваннямі, павышаным артэрыяльным ціскам, ды і наогул з цэлымі букетамі ўзроставых хвароб, якія набылі ў выніку цяжкай працы на зямлі. І тут часцей лечаць не лякарствы, а чалавечыя адносіны, увага і клопат. Нездарма ж сельскі доктар — вялікі аўтарытэт для вяскоўцаў. А калі здараюцца траўмы, раны, выклікі да дзяцей, ён хутка ператвараецца ў хірурга, педыятра і нават псіхолага.

Нягледзячы на няспынны паток хворых, выклікаў на дом і велізарныя аб’ёмы канцылярскай работы, Іван Віктаравіч, хоць ад прыроды па-мужчынску стрыманы і нешматслоўны, для кожнага знаходзіць цёплае слова, не шкадуе шчырай усмешкі і пазітыўнага настрою.

— Я люблю сваю работу, люблю медыцыну, люблю людзей і мясціны, дзе жыву, — прызнаецца ён, — і з радасцю выконваю абавязкі, прадпісаныя прафесіяй, якую я выбраў і ў якой знайшоў сябе.

Працягваюць медыцынскую дынастыю Рогачаў сын і нявестка. Напэўна, гэта было ўжо справай гонару. А вось дачка, як і жонка, шчыруе на педагагічнай ніве – у Падбярэзскім НПК.

Іван Віктаравіч – вопытны медработнік, прафесіянал, мае кваліфікацыйную катэгорыю ў медыцыне. Аднак калі б падобныя катэгорыі прысуджалі ў рыбалоўстве або паляванні, тут ён быў бы таксама сярод лепшых. Хоць на гэта цяпер застаецца ўсё меней часу.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий