СКЛАДАНАЯ АРЫФМЕТЫКА КАХАННЯ

Культура

У прасторнай чатырохпакаёвай кватэры новых сваякоў зяць Андрэй сябе прымакам не адчуваў. Месца для ўтульнасці і камфорту хапала ўсёй вялікай сям’і. Таму пра новае ці наёмнае жыллё маладыя пакуль і не думалі. З цешчай і цесцем бачыўся зяць хіба толькі на кухні. Ды і то гэта не псавала настрою. Зяць, які пражыў з дачкой тры гады, успрымаўся бацькамі Наташы, як шаноўны, і даўно жаданы госць.

Пасля замужжа дачкі, ад  прыгатавання простай ежы старэйшая гаспадыня кватэры свядома перайшла да страў амаль святочнага меню. Хаця часу і сродкаў для гэтага патрабавалася  значна больш. Але ўвішная цешча і сіл, і грошай не шкадавала. Яна старалася дагадзіць зяцю, ды і дачку-песту аберагала ад лішніх кухонных абавязкаў.

Бацькі клапаціліся, каб іх дзеці жылі шчасліва, каб маладая сям’я была ізалявана ад бытавых праблем і розных цяжкасцей. Заўсёды дапамагалі, чым маглі.

Наташа і Андрэй хацелі мець усё і адразу. З вясельных грошай справілі шыкоўныя абноўкі. Спакусіліся і на дарагую імпартную машыну. Уласных сродкаў не хапала. Але дабрадушныя бацькі вырашылі падтрымаць матэрыяльна. І пры гэтым не скупіліся. Некалі для сябе хацелі прыдбаць аўто. Але пасля вяселля дачкі дарагую пакупку ў каторы ўжо раз свядома адклалі на больш далёкую перспектыву.

І вось нарэшце знаёмыя прыгналі машыну з Літвы. Каб яна выглядала яшчэ больш рэспектабельна, спатрэбіліся дадатковыя ўкладанні. Цесць па-барску паклаў на стол зялёныя купюры. Засталося загнаць машыну ў прэстыжны сэрвісны цэнтр, каб усё давесці да ідэалу. Заказ выканалі выдатна…

Жыццё маладых было і сапраўды поўнай чашай. Толькі яны ў гэтай мітусні і пагоні за матэрыяльнымі выгодамі не паспявалі ацаніць, што многім з таго, што маюць, яны былі абавязаны перш за ўсё фінансавай падтрымцы бацькоў. Чым больш мелі, тым больш хацелася. Задору прыдавалі і сябры, якія таксама жылі на шырокую нагу. Паміж дзвюма маладымі парамі ўзнікла нават нейкае спаборніцтва…

Але не заўважылі двое, што ў гэтым будзённым тлуме больш кволым і слабым станавілася іх каханне. З’явілася непрыхаваная грубасць паміж зяцем і дачкой. Андрэй лічыў за правіла этыкету падняцца з-за стала і не падзякаваць клапатлівай цешчы за прыгатаваны падмацунак. Для яго стала нормай пазычаць “у продкаў” грошы і свядома забыцца вярнуць доўг пасля чарговай зарплаты. Тым больш, што дома харчаваліся за кошт добразычлівых бацькоў.

Пражылі так пяць гадоў. Дзяцей не займелі. Гэта зрабіла іх быт аднастайным, пазбаўленым яркіх фарбаў і эмоцый, якія звычайна прыносяць у сям’ю немаўляткі.

Зяць стаў падоўгу затрымлівацца на працы. Здаралася, што прыходзіў дадому, а рэзкі пах алкаголю міжволі перабіваў водар стойкай парфумы. Паступова быць падшафэ стала звычкай. Цесць не выпадкова завёў мужчынскую размову. Без павышанага тону і ўшчуванняў не абышлося. Аднак выхаваўчая мера мела нязначны эфект. Тады цесць вырашыў “празандзіраваць” сітуацыю на рабоце Андрэя, асцярожна выведаць патрэбную інфармацыю ў яго калег. Чаму той затрымліваецца на прадпрыемстве? Чаму нярэдка вяртаецца дадому нападпітку?

Аказалася, што ў канцы кожнага тыдня “карпаратывы за чаркай гарэлкі” там сталі амаль што нормай. Аднак ніхто не напіваўся, усё, як кажуць, у разумных межах. Андрэй жа быў выключэннем у гэтай кампаніі. Яго маладушнасці, адкрытай хцівасці здзіўляліся і саслужыўцы, якія з пагардай зазначылі: “Дасць у складчыну пяць тысяч рублёў, а заўсёды нап’ецца на ўсе дваццаць!”

Гэта пачутая шчырасць, вядома ж, не ўсцешыла цесця. Засмуціўся, бо сам ніколі не імкнуўся жыць за чужы кошт, не прагнуў лішняга. Тады ён яшчэ не ведаў, што звычка зяця “напіцца на дваццаць тысяч” спрацуе з вялікім размахам і прывядзе да разводу з Наташай.

Пачалі дзяліць нажытае дабро. Тут рахункі ўжо вымяраліся не тысячамі, а мільёнамі рублёў. Пры раздзеле кошту дарагой машыны (17 тысяч долараў) наіўныя бацькі папрасілі Андрэя спрэзентаваную некалі імі вялікую дабрачынную суму вярнуць. А астатняе, маўляў, няхай дзеляць паміж сабой маладыя па справядлівасці.

Але праворны зяць нават і не думаў аддаваць не сваё. Ад прэтэнзій цешчы і цесця ён абараняўся безапеляцыйным грубым папрокам: “А вы цяпер паспрабуйце даказаць, што давалі грошы на машыну, дарагі рамонт, патрэбныя запчасткі!”

Упершыню за многія гады бацька Наташы адчуў, дзе знаходзіцца сэрца. Ён стараўся сябе супакоіць: “Адзіная ж дачка. Для яе і стараліся. Ды і зяця родным чалавекам лічылі. Хто тады думаў, што дзеці так мала пажывуць разам…”

Пасля суда маладыя “разбегліся”. Цесць з цешчай з палёгкай уздыхнулі, што пазбавіліся ад такога зяця, хоць і пайшоў ён з гэтай сям’і з вялікім і незаслужаным “пасагам”. І  тым не менш яму ніхто не жадаў зла. Бо і так было зразумела, які лёс можа напаткаць маладога чалавека, які прыахвоціўся да спіртнога не адступаючы ад свайго прынцыпу: “Даць у складчыну пяць тысяч, а напіцца на дваццаць”. Жыццё прад’явіць яму свае строгія рахункі. А пакрыўджанай дачцэ бацькі жадалі новага сапраўднага шчасця.

Ад першага шлюбу яе настойліва адгаворвалі. А цяпер чамусьці на сэрцы бацькоў было больш спакойна: “Ствараючы сям’ю ў другі раз, Наташа ўжо і сама ў многім разбярэцца. Пражыла пяць гадоў з такім мужам, а перажыванняў, павучальных урокаў хопіць на ўсе дваццаць…”

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий