ЛЕС У «ТАЙГУ» ПЕРАТВАРЫЎСЯ…

Общество

Калі на ціхай лясной дарозе паштальён Яршэвіцкага аддзялення паштовай сувязі Зінаіда Цішкевіч убачыла людзей з аўтаматамі – яе душа пайшла ў пяткі. Жанчына ўжо было хацела павярнуць назад, але цікаўнасць узяла верх над страхам, і Зінаіда Анатольеўна, рызыкнуўшы, нясмела накіравалася насустрач невядомым.

Хваляванне было марным. Узброеныя людзі аказаліся акцёрамі, на ціхай сельскай дарозе здымалася адна са сцэн расійскай кінастужкі “Каханне як няшчасны выпадак”. Па сцэнарыі дзеянне фільма адбываецца ў тайзе. Але расійская здымачная група не паехала ў далёкі сібірскі край, абраўшы для здымак іншую натуру. Кінематаграфістам спадабаліся лясы Валожыншчыны: яны бліжэй, менш небяспечныя і па прыгажосці не саступаюць таямнічым і глухім лясам тайгі.

Большая частка сцэн была знята ў лясах Яршэвіцкага сельсавета, паблізу аграсядзібы “Барок” Аляксандра Лася. Тут вялася «перастрэлка», прызямляўся верталёт, а пагоню аўтамабіляў здымалі на грунтавой дарозе Яршэвічы-Крапіўнікі.

Здымкі кінастужкі праходзілі летам, а ў пачатку гэтага года чатырохсерыйную дэтэктыўную меладраму можна было паглядзець на тэлеканале РТР-Беларусь.

…Маскоўскага хлопца адпраўляюць у камандзіроўку ў невялікі раённы цэнтр Усходняй Сібіры. Яго нявеста, па прафесіі хірург, едзе ў далёкае вандраванне разам з ім, вырашыўшы такім чынам правесці свой водпуск. На адным з глухіх таёжных кардонаў закаханым прыходзіцца расстацца: патрэбна тэрміновая медыцынская дапамога жонцы лесніка, і маскоўская дзяўчына-ўрач адпраўляецца ў небяспечны шлях на “кукурузніку” мясцовага лётчыка. Яна ратуе парадзіху і яе дзіця, але вярнуцца да жаніха не можа: зваротны шлях расцягваецца на некалькі дзён, тоячы ў сабе мноства небяспек. Мінуючы ўсе пагрозы тайгі, сталічная дзяўчына і правінцыяльны лётчык разумеюць, што безнадзейна закаханыя…

Такі сюжэт фільма, галоўныя ролі ў якім сыгралі маладыя расійскія акцёры Ганна Міклаш, Андрэй Біланаў і Андрэй Фінягін. Аўтарам ідэі і рэжысёрам стаў Аляксандр Канановіч.

Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий