З УВАГАЙ ДА ЛЮДЗЕЙ

Общество

Як часта даводзіцца чуць аб праблемах і непрыемнасцях, складанасцях і сумных супадзеннях! Гэта і няблага – жаданне лепшага прымушае нас не стаяць на месцы, рухацца наперад. Бывае, праўда, што чалавек занадта канцэнтруецца на недахопах, губляе магчымасць заўважаць добрае вакол сябе. Тым часам, як уменне быць удзячным людзям і лёсу за дробязі можа дапамагчы адчуць у сваім сэрцы знічкі шчасця. Менавіта такім пачуццём удзячнасці насычана пісьмо, што прыйшло ў рэдакцыю з вёскі Дубоўцы Дорскага сельсавета.

Толькі жыхары далёкіх вёсак, такіх як мае родныя Дубоўцы, ведаюць, наколькі можа залежаць ад капрызаў прыроды быт вяскоўцаў. Непрадказальнае зімовае надвор’е лішні раз нагадала нам пра гэта. Вось з вечара пасыпаліся з неба буйныя сняжынкі, вецер падхапіў іх, панёс у завеі – і да раніцы ўсе вясковыя вуліцы і сцежкі нашчэнт замецены. Здаецца, што не выберуцца пенсіянеры са сваіх хат, не датупаюць да аўталаўкі, ды і аўталаўка, відаць, не праб’ецца праз свежыя сумёты. Але ж жыццё паказвае, што ўсе падобныя апаскі аказваюцца беспадстаўнымі.

Яшчэ сонейка не ўзнялося, як загулі па вёсцы трактары дарожнай службы. Не праходзіць і гадзіны, як ад снежных завалаў не застаецца і следу. А гэта значыць, што і прадукты будуць прывезены ў вёску, і паштальён у час прынясе свежую пошту. Часам здаецца, што людзі, чыім абавязкам з’яўляецца догляд за дарогай у Дубоўцах, працуюць без выхадных, і ўдзень, і ўначы. Дзякуючы іх шчыраму клопату, дарога заўсёды чыстая.

Але ж не толькі дарожнікі робяць наша жыццё лягчэйшым і лепшым. Напрыклад, пажылыя людзі не толькі ў Дубоўцах, але і ў іншых вёсках, не проста выдатна ведаюць, але даўно лічаць родным чалавекам сацыяльнага работніка Анастасію Дзянісік. Яна не цураецца ніякай працы – і прывязе лекі, і прынясе прадукты, і дапаможа па гаспадарцы, і ўзброіўшыся рыдлёўкай пракладзе сцяжынку ад занесенай снегам хаты да толькі што пачышчанай трактарамі вуліцы.

Ёсць і тыя, хто як быццам бы застаецца ў цяні, не так часта заходзіць у кожны вясковы двор, але ж з дня ў дзень робіць сваю нялёгкую працу, зберагаючы і прымнажаючы парадак. Хочацца ўзгадаць добрым словам старшыню Дорскага сельскага выканаўчага камітэта Рамуальду Браніславаўну Іваноўскую, якая ніколі не застаецца ў баку ад нашых праблем. Нябачную службу нясуць і супрацоўнікі міліцыі, чыёй штодзённай працай захоўваецца парадак і на нашых дарогах, і ў населеных пунктах.

Са старонак «Працоўнай славы» хачу шчыра падзякаваць усім ім за добрае сэрца, нястомныя рукі, пастаянную дапамогу, без якіх нам, пажылым вяскоўцам, жылося б цяжэй.

Таццяна Сабалаеўская,

пенсіянерка з в. Дубоўцы.

 



Добавить комментарий