Трохкутнік, у якім блукае паэт

Люди и судьбы

Кажуць, што паэтычным слыхам валодае пятая частка чалавецтва. Але напісаць нават рыфмаванае чатырохрадкоўе ўдаецца не кожнаму. Мой сённяшні суразмоўца свой першы верш склаў у пяць гадоў. З тае пары прайшло больш за чатыры дзесяцігоддзі – за гэты час на яго рахунку 15 выдадзеных зборнікаў. У 2007 годзе за кнігу “Балада камянёў” ён стаў лаўрэатам Літаратурнай прэміі “Залаты Купідон”, а ў лютым бягучага года атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкі за кнігу паэзіі і прозы “Страла кахання, любові крыж”. Такой вялікай дзяржаўнай узнагароды ўдастоіўся наш зямляк з вёскі Пугачы, вядомы беларускі паэт і пісьменнік, выдатнік друку Рэспублікі Беларусь, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар ШНІП. Заходзячы ў кабінет да галоўнага рэдактара, прыкмячаю на сценах карціны, на якіх намаляваны быццам бы і знаёмыя мне людзі, і ўсе — з кнігамі ў руках. Апярэджваючы маё пытанне, Віктар Анатольевіч тлумачыць: “Гэтыя дзве карціны намаляваў Фелікс Янушкевіч, наш зямляк з Ракава. На іх – вядомыя асветнікі Леў Сапега і Васіль Цяпінскі. Ну а за мной – Янка Купала, Цётка, Максім Багдановіч, Кузьма Чорны і іншыя класікі беларускай літаратуры. Калі заходзіць хто, няхай бачыць, што я тут не адзін…” Вось так, з лёгкага жарту і распачалася наша размова.

– Віктар Анатольевіч, Вы ўжо больш за трыццаць гадоў з’яўляецеся гарадскім жыхаром. Ці можаце сказаць, што жыццё ўдалося і мара дзяцінства збылася?
– Хутка споўніцца 35 гадоў, як я жыву ў Мінску. Часам здаецца, што тут увесь час і жыў – чым далей, тым больш згладжваецца мяжа паміж горадам і вёскай, усё робіцца родным. Ад сталіцы да маёй маленькай радзімы нейкіх 50 кіламетраў, і, калі казаць па-сучаснаму, на сёння Пугачы – спадарожнік Мінска. Вось у гэтым трохкутніку – Мінск-Пугачы-Валожын – я і блукаю, у ім і жыву.
Памятаю, што ў дзяцінстве марыў стаць шафёрам. Як бачна, мара не збылася, аднак паездзіць шмат па Беларусі мне ўдалося, бо як пісьменнік, паэт маю магчымасць быць запрошаным на літаратурныя сустрэчы, Дні беларускага пісьменства. Пабываў у Тураве, Камянцы, Паставах, Полацку, у наступным годзе свята пройдзе ў Хойніках.
Прызнаюся, што прывык ужо да гарачай вады, да тэатраў, да транспарту, ды і да таго асяроддзя, у якім знаходжуся. І ведаеце, тыя сябры, якія з’явіліся ў жыцці, яны неяк бліжэй, чым тыя сваякі, бо з імі рэдка бачуся. А стрыечных братоў і сясцёр у мяне хапае, і вельмі шкада, што сустракаемся мы не так часта. Дадому цяпер прыязджаю толькі тады, калі трэба нешта дапамагчы, бо выдавецкая справа забірае шмат часу.
– Што адчуваеце, калі бываеце на маленькай радзіме?
– Што яна сапраўды маленькая, яе трэба берагчы, як калыску. Безумоўна, хацелася б дапамагчы крыху добраўпарадкаваць вёску, напрыклад, добры асфальт пакласці. У савецкія часы пісьменнікі вялікія ганарары мелі; я ж, у адрозненне ад многіх, пішу шмат, ды ў мяне жонка пісьменніца таксама. Як гаворыцца, для Пугачоў мы зрабілі б многа чаго. Аднак зараз да сур’ёзнай літаратуры адносіны несур’ёзныя і зарабіць многа на кніжках немагчыма. Больш запатрабаваныя жаночыя раманы, дэтэктывы – творы, як кажуць, для адпачынку. Але спадзяюся, што гэты час хутка пройдзе.
– Раскажыце, калі ласка, пра сваю сям’ю.
– Сям’я ў мяне творчая. Жонка, Людміла Рублеўская, – пісьменніца, драматург, паэтэса, празаік, мастак, а апошнім часам да вершаў нават і музыку падбірае. Дачцэ Вераніцы пайшоў 21-ы год, яна скончыла ліцэй мастацтваў, мае дыплом мастака дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і магла б нават ісці працаваць. Але на сённяшні дзень яна вучыцца на другім курсе Акадэміі мастацтваў на дызайнера інтэр’ера. Малюе, можна сказаць, прафесіянальна, а ўвогуле дзяўчына таленавітая, яшчэ і на бас-гітары іграе. Сыну Максіму шаснаццаць, ён таксама вучыцца ў мастацкім ліцэі, але больш часу праводзіць за камп’ютэрам. Праўда, нядаўна чытаў вершы, якія ён сам напісаў. Сваю ацэнку даваць не стаў, аднак для сябе заўважыў, што мае вершы ў такім узросце былі больш прымітыўныя, прыземленыя, а ў яго нейкая філасофія. Так пісаць я мог толькі начытаўшыся Купалы, Коласа…
– А ці цяжка жыць у доме, дзе два пісьменнікі?
– Тут ужо, бачыце, два пісьменнікі і два мастакі. І гэта вельмі добра, бо ёсць пра што гаварыць, пра што спрачацца. Гэта маладым пісьменнікам жыць разам больш складана: цяжка падзяліць славу, узнікае нейкая зайздрасць. А нас успрымаюць як адзінае цэлае – калі Рублеўская, значыць, будзе і Шніп, і наадварот.
– У сям’і Вы галава, якой кіруе шыя?
– Хутчэй, галава сямейства на самай справе і… рукі, калі можна так сказаць. Бо раніцай устаю першы, мыю посуд, які застаўся з вечара, пачынаю рыхтаваць сняданак. Тады буджу сына, пасля дачку, апошняй прачынаецца жонка – яна шмат працуе ўвечары і кладзецца спаць на гадзіну-дзве пазней за ўсіх.
– Бачу, Вы не цураецеся жаночай работы?
– А якую хатнюю работу можна назваць чыста жаночай? Хіба што шавецкую… Галоўнае, тое, што я раблю, мне прыносіць задавальненне.
– Віктар Анатольевіч, якая страва ў Вас самая любімая?
– Усё, што можна прыгатаваць з бульбы. Люблю таксама салату з крабавых палачак, якую сам і раблю. Цяпер у сям’і ўсіх прымушаю есці шмат часнаку – трэба ж неяк абараняцца ад віруса грыпу. Увогуле, у ежы я не пераборлівы.
– А як адпачывае паэт Віктар Шніп?
– Люблю прыроду. Але машыны сваёй не маю. З жонкай неяк хацелі аўтамабіль купіць, яна нават пайшла вучыцца на вадзіцеля, але экзамены здаваць не стала – мы вельмі творчыя натуры, летуценнікі, а на дарозе трэба быць уважлівым і сканцэнтраваным. Так і засталіся без транспартнага сродку. Аднак маю добрых сяброў, якія звозяць і на рыбалку, і на прыроду. Стараюся весці здаровы лад жыцця: амаль тры гады не ўжываю ніякага спіртнога. Ад гэтага неяк нават прыемна за самога сябе, бо і праблем менш стала, ды і дзецям добры прыклад паказваю.
– Вашы дзеці ўвогуле павінны ганарыцца такім таленавітым бацькам…
– Спадзяюся, што так яно на самай справе і ёсць. Бо сёлета падчас уручэння мне спецыяльнай прэміі Прэзідэнта ў зале прысутнічала ўся мая сям’я. Цяпер дома на самым бачным месцы пад шклом вісіць здымак, дзе Аляксандр Рыгоравіч цісне мне руку і ўручае дыплом. Я вельмі задаволены, што мая творчасць нечага варта, бо ў нашай краіне шмат таленавітых пісьменнікаў, якія таксама заслугоўваюць высокіх узнагарод.
– Віктар Анатольевіч, што можаце сказаць пра маладых паэтаў? Ці ёсць у нашай краіне вартая змена?
– Да нас у выдавецтва ідуць адразу з гатовымі кніжкамі. Штодзень прыходзяць адзін-два чалавекі. Зазначу, што таленавітых людзей у нашай краіне шмат: на сёння, як гаворыцца, гэтыя беларускія паэты, празаікі пішуць па-беларуску, добра ведаюць не толькі родную мову, але і англійскую, французскую. Сучасныя літаратары маюць прамыя зносіны з замежжам, яны больш разняволеныя, і гэта вельмі добра, бо творчы чалавек павінен тварыць. У нашым жыцці ўсё трымаецца на творчых людзях, не было б іх – было б сумна, а так можна і музыку паслухаць, і карціны паглядзець… Я заўсёды з прыемнасцю ўспамінаю літаб’яднанне “Рунь”, якое існавала пры Валожынскай раённай газеце, і яго заснавальніцу Галіну Шаблінскую. Прыемна, што справу працягвае таленавітая пісьменніца Валянціна Гіруць-Русакевіч, вялікае дзякуй ёй за гэта, бо ўсе – валожынскія мы. Калі бачу творы сваіх юных землякоў, шчыра радуюся: хацелася б, каб нехта зрабіў больш за мяне.
– Ці думалі калі, што будзеце сядзець у крэсле галоўнага рэдактара выдавецтва “Мастацкая літаратура”?
– Не, я нават не думаў, што буду працаваць у выдавецтве. Перад гэтым амаль дзесяць гадоў працаваў у газеце “Літаратура і мастацтва”: быў спачатку адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара, пасля і галоўным рэдактарам. Мне здавалася, што я тут усё жыццё і прапрацую. А ўжо хутка споўніцца шэсць гадоў, як займаюся выдавецкай справай. Работа мне прыносіць задавальненне, бо мая непасрэдная дзейнасць звязана з літаратурай. Усе фінансавыя пытанні вырашае дырэктар выдавецтва. У калектыве працуе 35 чалавек, у год мы выпускаем каля 80 кніжак. Зазначу, што кнігі нашы маюць попыт, тым больш што на конкурсах займаем прызавыя месцы: так, за кнігу “Напалеон Орда: шлях да бацькаўшчыны” атрымалі на міжнароднай выставе ў Маскве Гран-пры. Вялікую падтрымку, дапамогу ў выпуску новых кніг аказвае дзяржава. Дарэчы, ні адна краіна на дзяржаўным узроўні так не падтрымлівае сваіх пісьменнікаў. Таму нашы кнігі прыемна ўзяць у рукі.
– Якім галоўным прынцыпам Вы кіруецеся ў жыцці?
– Заўсёды кажу: “Усё будзе добра”. Гэтыя словы нясуць станоўчую энергетыку, даюць надзею на лепшае.
– Што б Вы пажадалі сваім землякам на развітанне?
– Па-першае, каб былі здаровыя – гэта найгалоўнейшы чалавечы скарб. Каб дзе не былі, не забываліся родных хат, вёсак, не парывалі сувязі з малой радзімай. Як пісаў Рыгор Барадулін, “трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем, каб душою не ачарсцвець і не страціць святое штосьці…” Для мяне Валожынская зямля – гэта мая радзіма, там жывуць мае бацькі, там магілы маіх продкаў. Часта думаю пра тое, што, калі пайду на пенсію, вярнуся ў родныя мясціны і буду там жыць. Хочацца спакойнага жыцця, хочацца дакрануцца да прыроды, убачыць, як тая кветачка распускаецца, як лісток ападае, як ён чырванее, як усё выспявае. А ў горадзе гэтага ўбачыць не паспяваеш…

Алена ЗАЛЕСКАЯ.



Добавить комментарий