СЛАЎНАЙ БІЯГРАФІІ РАДКІ…

Официально

18 студзеня ў Маладзечне прайшло абласное ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 75-годдзю ўтварэння нашай вобласці.

Слуцкія паясы – сімвал Міншчыны. Старажытны горад Заслаўе –  гістарычная памяць Міншчыны. Непераўзыдзены па сваёй кранальнай прыгажосці Нясвіж – цэнтр культурнага адраджэння Міншчыны. Хатынь – набат балючай памяці Міншчыны. Подзвіг М. Гастэлы пад Радашковічамі: першы таран нямецкага самалёта ў гады Вялікай Айчыннай вайны – помнік самаахвярнасці і велічнай мужнасці Міншчыны. Дудуткі – калыска аўтэнтычнасці рамёстваў Міншчыны. Пяшчотны блакіт Нарачы – водная турыстычная жамчужына Міншчыны. Я. Купала, Я. Колас, М. Танк – паэтычны алімп Міншчыны. У. Кавалёнак, А. Навіцкі –  зорныя вышыні Міншчыны. Асілкі-самазвалы “БелАЗ”, кладоўка ўраджайнасці “Беларуськалій” – прамысловыя брэнды Міншчыны. Нясвіжскі “Сноў”– жытніца Міншчыны…

Пералік падобных асацыяцый і параўнанняў можна працягваць, відаць, бясконца. І не хопіць нават некалькіх старонак, каб назваць усё, што варта яе славы, яе заслужанага гонару. Немагчыма пералічыць усё, што з’яўляецца залатым радком у багатым летапісе нашай вобласці.

Напэўна, ёсць нешта сімвалічнае ў тым, што яна размешчана ў цэнтры рэспублікі. Гэта геаграфічнае становішча да многага абавязвае. І перш за ўсё – быць першай, быць лепшай сярод усіх шасці рэгіёнаў Беларусі. Яна заўсёды імкнулася быць такой! Пераймаючы вопыт іншых, беражліва зберагаючы свае набыткі, вобласць вызначылася па шматлікіх пазіцыях. У многім яна стала непераўзыдзенай. Міншчына – адзіная ў рэспубліцы вобласць, якая двойчы адзначана самай высокай на той час узнагародай – ордэнам Леніна. Узрост наша вобласць мае пачцівы – 75 гадоў. А пачатак біяграфіі краю хаваецца ў сівой даўніне, якая вымяраецца стагоддзямі.

75 гадоў – гэта змена мінімум трох пакаленняў. Скарбніца мінулага – гэта багатая гісторыя, самабытная культура, гэта слаўныя працоўныя традыцыі, смелыя планы. Усё, што створана мінулымі пакаленнямі, – дужыя карані, якія надзейна трымаюць сучаснае дрэва яе росквіту.

У жыцці вобласці ёсць падзеі, якія дыяментамі ззяюць у дыядэме славы рэспублікі. Наша Міншчына можа ганарыцца зорнымі спартсменамі-алімпійцамі: К. Карстэн, А. Арамнавым, С. Мартынавым, А. Герасіменя і іншымі. Тут пачаўся зямны шлях, які ў літаральным сэнсе дасягнуў зорак, расійскіх касманаўтаў – ураджэнца Крупшчыны У. Кавалёнка і камандзіра касмічнага карабля “Саюз”, які цяпер знаходзіцца на арбіце, Алега Навіцкага з Чэрвеня. На ўрачыстым мерапрыемстве, якое праходзіла ў мінулую пятніцу ў Палацы культуры горада Маладзечна, гэты касманаўт у сваім відэазвароце даслаў землякам шчырыя віншавальныя словы з нагоды 75-годдзя ўтварэння вобласці.

Міншчына яшчэ возьме не адну вышыню! У індустрыяльна-тэхналагічным плане гэту магчымасць адкрые будучы ўнікальны па свайму патэнцыялу Тэхнапарк, што ўзводзіцца ў Смалявіцкім раёне. Неўзабаве сыдзе з вытворчага канвеера і 400-тонны асілак “БелАЗ”. Наша вобласць – лідар у рэспубліцы па мадэрнізацыі сельскагаспадарчага сектара эканомікі, яна – жытніца краіны. Вобласць – уладальніца прадпрыемстваў, якія сталі прэстыжнымі індустрыяльнымі брэндамі рэспублікі. Яна пастаўляе сваю прадукцыю больш чым у 120 краін свету.

Наша вобласць – гэта таленавітыя, працавітыя, мэтанакіраваныя людзі, якія шчыра любяць свой край. І такія пафасныя ноткі святочнага настрою перапаўнялі кожнага, хто прысутнічаў 18 студзеня на абласным урачыстым сходзе ў Маладзечне з нагоды знамянальнага юбілею сталічнай вобласці.

З вітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся кіраўнік абласной вертыкалі ўлады Барыс Васільевіч Батура. Высокапастаўленыя чыноўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, Савета Міністраў, парламента рэспублікі, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і іншыя асобы прыехалі на ўрачыстасць, каб павіншаваць жыхароў Міншчыны з гэтай гістарычнай датай.

Ганаровыя дыпломы за значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё вобласці былі ўручаны лепшым з лепшых. Гучалі віншаванні ад іншых абласцей, дайшла святочная пошта з далёкіх і блізкіх краін. Многія ведамствы і вядучыя прадпрыемствы Беларусі да слоў зычэння дадалі падарункі: трактары, грузавікі, камп’ютары і многае іншае. Быў зачытаны і віншавальны адрас ад прэзідэнта Ізраіля, нашага земляка Шымона Перэса.

У нашай вобласці ёсць нямала традыцый. Адна з іх – фарміраваць кагорту заслужаных яе прадстаўнікоў, якія праславілі родную вобласць сваёй бездакорнай працай, якія атрымалі прызнанне ў рэспубліцы. 18 студзеня бягучага года гэты спіс папоўніўся. Было абвешчана рашэнне аб прысуджэнні звання “Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці” Надзвычайнаму і  Паўнамоцнаму  паслу Беларусі ў Літве і Фінляндыі У. Дражыну, а таксама галоўнаму дырыжору Нацыянальнага акадэмічнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Жыновіча, Народнаму артысту, прафесару М. Казінцу, які нарадзіўся ў Вілейскім раёне. Такога ж звання ўдастоены і Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт.

Віталі Міншчыну-юбілярку ў той дзень шыкоўным па сваёй мастацкай значнасці святочным канцэртам. Кожны нумар  праграмы быў высокай пробы.
Ён уражваў і сваёй маштабнасцю, і вядомымі імёнамі. Сярод іх былі: акцёр тэатра, Народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў, папулярныя спявачкі Ірына Дарафеева, Іна Афанасьева, музычныя калектывы “Санорус”, “Чысты голас” і многія іншыя.

Нароўні з зоркамі выступілі хор, сімфанічны аркестр музычнага каледжа імя Агінскага г. Маладзечна, а таксама яго выпускнікі. У прыватнасці, прафесіянальны вакаліст У. Александровіч, які скарае сваім талентам патрабавальную публіку Санкт-Пецярбурга.

…Урачыстая частка мерапрыемства, ушанаванне лепшых людзей вобласці, змястоўная канцэртная праграма – усё гэта яшчэ раз падкрэсліла велічнасць і значнасць цэнтральнага рэгіёна нашай краіны.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий