ЗАХОЎВАЕЦЦА МІЖЭТНІЧНАЯ ЗГОДА

Общество

У мінулы чацвер прайшоў чарговы Дзень інфармавання. Ён прысвячаўся этнаканфесіянальнай сітуацыі ў Мінскай вобласці.

Традыцыйнай станоўчай стабільнасцю характарызуецца сітуацыя ў сферы этнакультурных супольнасцяў у нашай вобласці. Галоўнымі задачамі дзяржаўнай палітыкі ў гэтым накірунку з’яўляюцца падтрыманне і ўмацаванне міжнацыянальнага міру і згоды ў грамадстве, забеспячэнне аптымальных умоў і магчымасцяў для рэалізацыі правоў нацыянальных меншасцяў на нацыянальна-культурнае развіццё, прадухіленне магчымасці ўзнікнення міжэтнічных канфліктаў.

Значнай падзеяй для вобласці стала падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж райвыканкамамі і раённымі Благачыннямі Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. У кожным раёне вобласці зацверджаны і рэалізуецца сумесны План мерапрыемстваў па выкананні гэтага дакумента.

Па стане на 1 студзеня 2013 года ў вобласці зарэгістравана 673 рэлігійныя абшчыны: 352 – праваслаўных, 96 – каталіцкіх, 136 – хрысціян веры евангельскай, 50 – евангельскіх хрысціян-баптыстаў,  11 – хрысціян поўнага евангелля, 10 – адвентыстаў сёмага дня, 6  – мусульманскіх, 4 –  іудзейскіх (3 артадаксальнага і 1 прагрэсіўнага  іудаізму), 3 – сведкі Іеговы, 3 – стараверскіх, па адной абшчыне Грэка-каталіцкай, Новаапостальскай Цэркваў.

Найбольш шматлікімі канфесіямі з’яўляюцца Беларуская праваслаўная і Рымска-каталіцкая цэрквы. Яны іграюць важную ролю ў духоўным жыцці беларускага народа. Прымаюць актыўны ўдзел у вырашэнні сацыяльна значных праблем.

Найбольшая колькасць праваслаўных прыходаў дзейнічае ў Мінскім раёне – 42, Маладзечанскім – 27, Вілейскім – 26, Валожынскім – 21, Лагойскім, Пухавіцкім – па 20. Больш за ўсё абшчын Рымска-каталіцкай царквы ў Вілейскім і Маладзечанскім раёнах – па 10, Валожынскім, Мінскім і Стаўбцоўскім – па 9, Мядзельскім – 8.

На тэрыторыі вобласці дзейнічаюць 293 праваслаўныя храмы і 78 касцёлаў. Усяго налічваецца 463 культавыя будынкі, з якіх 70 уяўляюць гістарычную каштоўнасць і маюць статус помнікаў архітэктуры.

У 214 нядзельных школах, створаных пры рэлігійных прыходах, займаецца 6790 дзяцей і моладзі.

Мінскім аблвыканкамам сёлета аказвалася фінансавая дапамога пры правядзенні рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ па адраджэнні культавых аб’ектаў з улікам зацверджаных праграм фінансавання.  Адной з формаў аказання дапамогі рэлігійным арганізацыям мясцовымі выканаўчымі органамі ўлады з’яўляецца арганізацыя і правядзенне раённых суботнікаў.

У вобласці ў цэлым склаліся ўзаемапаважлівыя адносіны органаў кіравання і рэлігійных арганізацый. Стала традыцыяй праводзіць сустрэчы духавенства з кіраўніцтвам аблвыканкама, райгарвыканкамаў, старшынямі сельскіх і пасялковых Саветаў, на якіх разглядаюцца пытанні дзяржаўна-царкоўных адносін.

Летась у аблвыканкаме адбылася сустрэча на ўзроўні намесніка старшыні аблвыканкама з благачыннымі Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, ксяндзамі-дыяканамі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы і рэгіянальнымі пастарамі пратэстанцкіх цэркваў.

Шэраг праведзеных мерапрыемстваў даў станоўчы імпульс развіццю  канфесійнай сферы ў вобласці.

У прыватнасці, у Салігорску, Слуцку адбыліся выязныя калегіі апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Таксама прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 400-годдзю памяці Святой Праведнай Сафіі Слуцкай, хросны ход паломнікаў з Мінска ў  Слуцк, а ў Слуцку ад Свята-Міхайлаўскага Сабора да памятнага знака Сафіі Слуцкай па тэрыторыі Мінскага, Дзяржынскага, Капыльскага, Слуцкага, Уздзенскага раёнаў.

Былі наладжаны дабрачынныя акцыі, прымеркаваныя да 400-годдзя памяці Святой Праведнай Сафіі Слуцкай, у бальніцах, прытулках, дзіцячых дамах і іншых сацыяльных установах.

Распрацаваная Мінскай епархіяй БПЦ духоўна-асветніцкая праграма «Сям’я. Яднанне. Айчына» пры падтрымцы мясцовых улад становіцца значнай падзеяй ва ўсіх рэгіёнах краіны. Летась у лістападзе ў  Заслаўі праведзены мерапрыемствы ў рамках названай вышэй праграмы. Восенню на Брылеўскім полі з удзелам духавенства Барысаўскага благачыння і Мінскай епархіі БПЦ прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 200-годдзю бітвы на Бярэзіне. На месцы пахавання рускіх салдат адкрыты памятны знак «Смутак і глыбокая пашана». А ў Старадарожскім, Барысаўскім раёнах прайшоў фестываль праваслаўнай культуры «Скарбніца».

Штогод павялічваецца колькасць маршрутаў з наведваннем святынь Беларускай Праваслаўнай Царквы і Рымска-каталіцкай Царквы. Усяго ў вобласці распрацавана 165 турыстычных пешаходных і аўтобусных маршрутаў.

На балансе рэспубліканскага ГА СПБ і ў карыстанні Мінскага абласнога, раённых (гарадскіх) аддзелаў ГА СПБ знаходзяцца 4 Дамы палякаў (Мінск, Івянец, Барысаў і Нясвіж).

У 2012-2013 навучальным годзе за кошт гадзін, якія выдаткоўваюцца на правядзенне факультатыўных заняткаў, у 13 установах адукацыі Валожынскага (7 устаноў адукацыі), Стаўбцоўскага, Дзяржынскага, Маладзечанскага раёнаў і ў Мінскім абласным ліцэі вывучаюць польскую мову 304 навучэнцы.

Этнаканфесіянальная сітуацыя ў Мінскай вобласці захоўвае дадатныя тэндэнцыі развіцця, яна застаецца ўстойлівай і стабільнай. Гэтаму спрыяе ўмацаванне ўзаемадзеяння выканаўчай улады з рэлігійнымі арганізацыямі, прафілактычная работа па папярэджванні дзейнасці дэструктыўных рэлігійных арганізацый на тэрыторыі рэгіёна. Захоўваецца гістарычная пераемная талерантнасць нацыі, міжэтнічная згода ў беларускім грамадстве.

 



Добавить комментарий