НА КРЫЛАХ СВЯТЛА…

Официально

Фестываль праваслаўнага песнапення чарговы разразгарнуў крылы святла і духоўнасці на Валожыншчыне. Традыцыйна прымеркавалі яго да аднаго з галоўных святаў у хрысціянскім календары – Нараджэння Хрыстова, таму і назваць мерапрыемства вырашылі адпаведна тэматыцы – “Калядная зорка”.

Урачыстая падзея знайшла водгук у сэрцах многіх юных і дарослых гараджан: у глядзельнай зале РЦК не было ніводнага свабоднага месца. Распачалі ж праграму фестывалю наведвальнікі нядзельнай школы Свята-Канстанціна-Аленінскага прыхода. Таленавітыя хлопчыкі і дзяўчынкі пад умелым кіраўніцтвам Ганны Іванаўны Косік разгарнулі на сцэне сапраўднае касцюміраванае прадстаўленне. У шэрагу міні-сцэнак, аб’яднаных у адну вялікую аповесць са Свяшчэннага Пісання, яны распавялі гледачам пра велічны момант, калі на старажытным небасхіле больш чым дзве тысячы гадоў таму загарэлася новая зорка… Адметнасць галоўнай дзеі фестывалю заключалася яшчэ і ў тым, што кожная сцэнка ладзілася ў вершаванай форме, а пасля завяршэння кожнага з Калядных урыўкаў у выкананні дзявочага хору нядзельнай школы гучалі праваслаўныя песні.

Пасля заканчэння першай часткі фестывальнай праграмы на сцэну запрасілі Благачыннага Валожынскай акругі, настаяцеля царквы святых Канстанціна і Алены, протаіерэя Дзмітрыя Агіевіча. У прамове айцец Дзмітрый парадаваўся, што на сённяшнім этапе развіцця грамадства ўсё большае значэнне набываюць пытанні высокамаральнага выхавання дзяцей у сем’ях. І на дапамогу прыходзяць храмы, нядзельныя школы. Благачынны таксама закрануў тэму духоўнага сталення чалавека праз далучэнне да жыцця па Божых Запаветах. Правядзенне мерапрыемстваў накшталт фестывалю праваслаўных песнапенняў і ёсць першы крок на няпростым шляху самаўдасканалення…

Канцэрт завяршыўся выступленнямі хору работнікаў культуры, выхаванцаў Дорскай дзіцячай школы мастацтваў, іншых калектываў. Святло “Каляднай зоркі” заіскрылася, адгукнулася ў душах лагодай і дабром. Верыцца, гэтага запалу хопіць да новых Святкаў, падчас якіх добрая традыцыя атрымае чарговы працяг.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *