ТЭЛЕФОН МІЛІЦЫІ — 102

Закон и порядок

Несвяточная драма.

Зусім несвяточным стаў калядны дзень для сямідзесяцівасьмігадовага жыхара Валожына. Ужо ў прыцемку, рухаючыся па вуліцы Кірава, мужчына згубіў раўнавагу і ўпаў, моцна ўдарыўшыся галавой. Літаральна праз некалькі хвілін пасля таго, як у дзяжурную службу паступіў званок ад выпадковага сведкі, на месца здарэння прыбылі супрацоўнікі міліцыі і брыгада хуткай дапамогі. Прыняўшы патрэбныя меры, урачы тэрмінова павезлі пацярпелага ў бальніцу, аднак аказаць больш грунтоўную дапамогу ў стацыянары так і не ўдалося. Па дарозе ў бальніцу мужчына памёр.

Цана няўважлівасці

Некалькі дарожных здарэнняў адбылося на дарогах раёна падчас снегападаў, якія часта задавалі клопатаў у апошні час. Кожны раз падзеі развіваліся па вельмі падобным сцэнарыі. Так, непадалёк ад Ракава дваццацідвухгадовы мінчанін не справіўся з кіраваннем, у выніку чаго яго «Фіат Паліо» не толькі апынуўся ў кювеце, але яшчэ і перакуліўся. Вадзіцель не пацярпеў, а вось пасажыр атрымаў два закрытыя пераломы. Не ўлічыла стан дарожнага пакрыцця і дваццацівасьмігадовая жыхарка вёскі Гальшаны Ашмянскага раёна. Яе аўтамабіль трапіў у занос і выехаў на сустрэчную паласу, дзе сутыкнуўся з іншай легкавой машынай, вадзіцель якой атрымаў у выніку сутыкнення цяжкія цялесныя пашкоджанні. З сустрэчным транспартным сродкам сутыкнуўся і аўтапоезд «Ман», якім кіраваў жыхар Расійскай Федэрацыі. Выконваючы абгон, вадзіцель не ўпэўніўся ў яго бяспечнасці, ў выніку чаго пяцідзесяцітрохгадовы жыхар Гродзенскай вобласці атрымаў закрыты пералом.

Вясковыя «вынаходнікі»

Двое жыхароў вёскі Забрэззе Гародзькаўскага сельсавета, якія нідзе не працуюць, знайшлі спосаб паправіць сваё фінансавае становішча. Выціснуўшы аконную раму, яны залезлі ў дом свайго аднавяскоўца, рабочага ААТ «Лоск», і скралі адтуль 190 000 рублёў. Ці задаволіла «вынаходнікаў» атрыманая сума, невядома, але ж цяпер іх дакладна чакае крымінальная адказнасць.

Праламаўшы сцяну…

У разгар навагодніх свят мішэнню для злодзеяў зрабіўся магазін вёскі Брылькі Валожынскага сельсавета. Спачатку зламыснікі, добра ўзброеныя інструментам, рэшткі якога былі знойдзены міліцыяй на месцы здарэння, зламалі дзвярныя запоры і трапілі ў качагарку. Адтуль дзёрзкія аматары чужога дабра праламалі сцяну магазіна і трапілі ў памяшканні склада і гандлёвага зала, адкуль знеслі значную колькасць спіртнога, цыгарэт і прадуктаў харчавання. Праз некалькі дзён падазрэнне следчых упала на двух жыхароў Брылькоў, якія на той момант ужо знаходзіліся ў ізалятары РАУС за іншае правапарушэнне.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках падрыхтаваў

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий