КВЕТКАВЫ КАРАГОД

Официально

У снежні распачалася каляндарная зіма, а ў цяпліцы Валожынскага жылкамунгаса – карпатлівая праца. Тут стартавала чарговая кампанія па добраўпарадкаванні і азеляненні горада ў новым вясенне-летнім сезоне.

А пачалася яна з пасеву кветкавых раслін. У гэтым годзе райцэнтр упрыгожаць больш за 15 відаў кветак. Спецыялісты па азеляненні аддаюць перавагу нізкарослым, яркім відам, якія здольны цвісці з ранняй вясны да позняй восені. Найбольш адпавядаюць усім патрабаванням гарадскога ландшафтнага дызайну такія віды, як бягонія, пеларгонія, сальвія. Дарэчы, апошніх летась было пасаджана больш за 7 тысяч каліваў.

У цяпліцы ў першую чаргу высяваецца насенне тых раслін, якія цяжка ўзыходзяць і прыжываюцца. Сярод іх газанія, цынерарый, бягонія. Насенны матэрыял для гэтага кветачніцы нарыхтоўваюць восенню самі. І толькі невялікая яго частка закупляецца. Напрыклад, сёлета на насенне было затрачана 1,5 мільёна рублёў. Расаду апошнія тры гады жылкамунгасаўцы наогул не набываюць, усё вырошчваецца ўласнымі сіламі.

Усяго сёлета на дзевяці цяплічных сотках плануецца вырасціць больш за 50 тысяч каліваў расады кветак. Гэта амаль на 10 тысяч больш, чым у мінулым годзе. У першую чаргу яны будуць высаджвацца ў скверы на плошчы, на клумбах каля гарадскога возера і каля гасцініцы «Карона». Будуць створаны і прыгожыя кветкавыя кампазіцыі абапал некаторых вуліц райцэнтра. Частка расады накіруецца для азелянення гарадскога пасёлка Івянец. Майстар участка добраўпарадкавання жылкамунгаса Таццяна Іванаўна Кузянкова расказала, што ў мінулым годзе кветкавая расада іх цяпліцы карысталася вялікім попытам і ў многіх арганізацый райцэнтра: райспажыўтаварыства, ПМК-188, аўтабазы, райбальніцы, сельскагаспадарчага ліцэя, лясгаса і інш. Агульная выручка ад продажу склала звыш 5 мільёнаў рублёў.

Пяты год працуюць на ўчастку добраўпарадкавання Валожынскага жылкамунгаса кветачніцы Ванда Іосіфаўна ГУРБАН і Таццяна Сяргееўна КАЧАЛКА. Зімой і ранняй вясной шчыруюць жанчыны ў цяпліцы, летам і восенню – на гарадскіх клумбах. Звычайны кавалачак глебы яны могуць ператварыць у аб’ект эстэтыкі.

Тэкст і фота Святланы СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий