НАСТРОЙ І ПАЧУЦЦІ – У МАЖОРНЫМ КЛЮЧЫ…

Молодежный курьер

Другі год у Ракаўскай школе мастацтваў працуе Кацярына Вячаславаўна Сеніна. Дзеці ахвотна ідуць на яе ўрокі, бо вучыць яна іграць на цікавым і адносна мала распаўсюджаным інструменце з надзвычай глыбокімі гістарычнымі каранямі – цымбалах.

Кацярына – карэнная мінчанка. На працу ў Ракаў яна трапіла па размеркаванні пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Перспектыва працаваць на перыферыі не толькі не збянтэжыла дзяўчыну, а ў нечым нават і парадавала: сталічны шум і мітусня не дадаюць станоўчых момантаў у працэс музычнага выхавання, ды і цяжкасцяў з тым, каб дабрацца на работу, няма ніякіх. Таму і не паўстала самай, бадай, галоўнай праблемы, з якой сутыкаецца большасць маладых спецыялістаў – пошукаў жылля. Дзяўчына і цяпер жыве ў Мінску, а на працу ездзіць на маршрутным транспарце. Як, зрэшты, і большасць калектыву Ракаўскай школы мастацтваў.

Кацярына з дзяцінства цікавілася музыкай. Нягледзячы на тое, што ў яе родзе не было музыкантаў, юная мінчанка даволі хутка асвоіла асновы ігры на фартэпіяна, а затым перайшла да вывучэння інструменту, які сёння нароўні выкарыстоўваецца і ў народнай творчасці, і ў акадэмічным мастацтве. Дзівоснае гучанне цымбалаў, іх паветраныя абертоны і мілагучны тэмбр настройваў душу на гарманічны лад і ўзнімаў настрой… Сёння ўменне іграць і адчуваць сэрцам тое, што іграеш, К. В. Сеніна імкнецца перадаць васьмі сваім выхаванцам. Сярод іх, дарэчы, і ракаўчанка Насця Грыбкоўская (на здымку) – здольная і старанная дзяўчынка з яркай іскрынкай таленту, якую выкладчык стараецца распаліць у сапраўдны агмень творчасці.

Акрамя выкладчыцкай дзейнасці, у школе мастацтваў Кацярына мае і яшчэ адзін абавязак, які хутчэй можна назваць заняткам па душы. Малады спецыяліст цяпер выступае ў складзе маладога, але ўжо вядомага ў рэспубліцы і нават за мяжой інструментальнага калектыву “Ars Longa”, створанага таленавітымі выкладчыкамі музыкі з Ракава. Летась, напрыклад, акрамя гастроляў у раённых цэнтрах Міншчыны, выступілі ў літоўскім Каўнасе і занялі там першае месца ў конкурсе. Бягучы год калектыў таксама пачаў актыўна, іх нумар віталі шчырымі апладысментамі ўдзельнікі ўрачыстага святкавання 75-гадовага юбілею вобласці, якое прайшло нядаўна ў Маладзечне. Наперадзе яшчэ шмат творчых узлётаў і пакораных вяршынь музычнага Алімпа. А пакуль Кацярына засяродзіла сілы на далейшай адукацыі: сёння яна – студэнтка-завочніца 2-га курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, займаецца па спецыяльнасці “Менеджмент міжнародных культурных сувязяў”.

Фота Сяргея БОБРЫКА.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий