ПРАВАПАРАДАК У ЛІЧБАХ І ФАКТАХ

Общество

Пачынаючы чарговы новы год, мы падводзім вынікі папярэдняга. Гэта дазваляе ацаніць зробленае, убачыць памылкі і знаходкі, вызначыць, што варта ўзяць у будучае, а што патрэбна пакінуць у мінулым. Што ж было зроблена ў 2012 годзе раённым аддзелам унутраных спраў, якія вынікі мы сёння можам назваць?

За 2012 год РАУС прыняў і апрацаваў 1193 заявы і паведамленні аб супрацьпраўных дзеяннях ад грамадзян раёна. Адносна мінулага года гэтая лічба зменшылася на 2%. У 32,2% выпадкаў па заявах узбуджаны крымінальныя справы. Прыблізна кожная другая заява не мела далейшага выражэння ў судовых матэрыялах, бо дасканалая праверка высвятляла адсутнасць ці самой падзеі, ці складу злачынства ў ёй.

Раскрыты 188 злачынстваў. Такі важны паказчык, як раскрывальнасць, склаў больш за 63 працэнты, што вышэй за ўзровень папярэдняга года амаль на 5%.

Найбольш праблемнымі з пункта гледжання колькасці крымінальных злачынстваў паказалі сябе горад Валожын, Ракаўскі, Гародзькаўскі і некаторыя іншыя сельскія саветы.

Працягвалася работа па папярэджванні і прадухіленні крадзяжоў маёмасці. Адным з найбольш дзейсных сродкаў у гэтым рэчышчы па-ранейшаму з’яўляецца абсталяванне памяшканняў сродкамі ахоўнай сігналізацыі. На сённяшні дзень пад наглядам Валожынскага аддзялення Дэпартамента аховы знаходзіцца 340 аб’ектаў, у тым ліку 216 памяшканняў з асабістай маёмасцю грамадзян.

З года ў год асобнае месца займае работа па забеспячэнні эканамічнай бяспекі. Выяўлена 6 выпадкаў розных форм карупцыі. Трэба зазначыць і рост аб’ёмаў канфіскацыі таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў па адміністрацыйных матэрыялах. Так за мінулы год канфіскавана табачных вырабаў на суму звыш 145 мільёнаў рублёў, лому чорных металаў амаль на 24 мільёны рублёў, гаруча-змазачных матэрыялаў на суму каля 7 мільёнаў рублёў.

Па-ранейшаму вострым застаецца пытанне павышэння эфектыўнасці работы ў рэчышчы наркакантролю і процідзеяння гандлю людзьмі. Хаця сітуацыя на Валожыншчыне і застаецца даволі спрыяльнай, тым не менш важнасць самога напрамку прымушае дзейнічаць яшчэ больш рашуча. У мінулым годзе выяўлена 7 злачынстваў па гэтай лініі, па крымінальных справах канфіскаваны наркатычныя рэчывы – 0,75 грама марыхуаны, 0,47 грама амфітаміна, 2,72 грама псілацыбіна і каля 862 грамаў маку ў сырым выглядзе.

Важная і наступная тэма. Алкагалізм і п’янства не толькі з’яўляюцца выразна антысацыяльнымі з’явамі, але і аказваюць моцны негатыўны ўплыў на аператыўную абстаноўку ў цэлым. Так, кожнае трэцяе злачынства ўчынялася ў мінулым годзе ў стане алкагольнага ап’янення, па віне нецвярозых вадзіцеляў адбыліся 3 дарожна-транспартныя здарэнні. Работа РАУС па вырашэнні гэтай праблемы будавалася на вынішчэнні першасных прычын і ўмоў, што спрыяюць развіццю гэтай бяды, шляхам знішчэння самагонных апаратаў, выяўлення і спынення дзейнасці асоб, якія рэалізуюць насельніцтву спіртаўтрымліваючыя вадкасці.

У 2012 годзе канфіскавана амаль 600 літраў самагону, 22500 літраў самагоннай брагі, больш за палову тысячы літраў іншых вадкасцяў і напіткаў, што ўтрымліваюць алкаголь. Знішчана 62 самагонныя апараты. Не спынялася і барацьба з наступствамі ўжывання алкаголю. У лячэбна-працоўныя прафілакторыі накіраваны 31 чалавек.  Выяўлена звыш 600 фактаў распіцця спіртных напіткаў і знаходжання ў нецвярозым стане ў грамадскіх і на рабочых месцах. За правапарушэнні ў сямейна-бытавой сферы з-за ўжывання алкаголю да адказнасці прыцягнуты 346 грамадзян.

Дае падставы для непакою і сітуацыя на дарогах раёна. За мінулы год зарэгістравана 33 дарожна-транспартныя здарэнні, у якіх загінулі 9, атрымалі пашкоджанні 36 чалавек. Асноўнымі прычынамі, з-за якіх адбываліся аварыі, былі перавышэнне хуткасці, выезд на паласу сустрэчнага руху, парушэнне правіл манеўравання.

Адным з асноўных крытэрыяў ацэнкі эфектыўнасці работы органаў унутраных спраў з’яўляецца ступень даверу грамадзян. Вынікі праведзенага анкетавання сведчыць пра захаванне высокага рэйтынгу сацыяльнага даверу да дзейнасці РАУС. Амаль 93% апытаных жыхароў раёна станоўча ацэньваюць работу міліцыі. Трэцяя частка рэспандэнтаў выказала поўны давер органам правапарадку. Напэўна, не патрэбна ніякіх іншых доказаў значнасці, той цяжкай штодзённай працы, што ляжыць на плячах людзей у міліцэйскай форме.

Ігар ШАКУН,

начальнік Валожынскага РАУС,

палкоўнік міліцыі.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *