ДЫМ АБАРВАЎ МАЛЕНЬКАЕ ЖЫЦЦЁ…

Закон и порядок

Штогод на пажарах у рэспубліцы гіне звыш трыццаці дзяцей. 2013-ты яшчэ толькі пачаўся, а ўжо ў нашай вобласці зафіксаваны тры падобныя трагічныя выпадкі…

Часта дарослыя самі ствараюць пажаранебяспечную сітуацыю: кураць у кватэры, у ложку, эксплуатуюць няспраўныя печ ці электраправодку, пакідаюць запалкі і запальніцы ў даступных месцах. А самае галоўнае – пакідаюць малышоў без нагляду! Ім падаецца, што за 20-30 хвілін, пакуль дзеці будуць адны, з імі нічога страшнага не адбудзецца. Але ж часам дастаткова ўсяго некалькіх хвілін, каб здарылася непапраўнае.

15 студзеня трагедыя ўскалыхнула вёску Крыстамполле Пухавіцкага раёна. Вечарам дарослыя пайшлі на працу, узялі з сабой старэйшую дачку. Двухгадоваму Максіму і яго пяцігадоваму брату Мікіту не ўпершыню было заставацца дома адным. На вялікі жаль, гэты раз бацькі не звярнулі ўвагі на тое, што пакінулі запалкі там, дзе да іх змагла дацягнуцца дзіцячая рука…

На падыходзе да дому дарослых напаткаў пах дыму. Яны кінуліся ў хату, вынеслі дзяцей на вуліцу. Да прыезду хуткай дапамогі іх спрабавалі выратаваць, рабілі штучнае дыханне… Мікіту з дыягназам “атручванне чадным газам” даставілі ў рэанімацыйнае аддзяленне Мар’інагорскай бальніцы ў надзвычай цяжкім стане. Жыццё меншага хлопчыка выратаваць не ўдалося.

Памятайце – не толькі сумленне карае за легкадумныя адносіны да дзяцей, але і закон. Згодна з артыкулам 159 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за пакіданне дзяцей у небяспецы пагражае пазбаўленнем волі да трох гадоў.

Валожынскі раённы

аддзел па надзвычайных сітуацыях.

 



Добавить комментарий