ПАШКАДУЙ!

Культура

Пятая хрысціянская запаведзь павучае: «Чти отца твоего и матерь твою, да благо ти будет…»

Ракавая маланка

Непагадзь абрушылася на зямлю. А з ёй і непрадказальнае гора. Малання шчыльна захінула фіранку, нібы яна магла засцерагчы жылы пакой ад бліскавіцы, што люта паласавала летняе неба.

Занавешаныя вокны чамусьці надавалі больш упэўненасці. Жанчына нясмела прысела воддаль, каб можна было назіраць, калі ж нарэшце супыніцца непагадзь. Гуллівыя патокі дажджу за акном схілялі да сну. Дрымота брала ў свой палон. Але гром-баркатун ды злая маланка выводзілі Маланню з гэтага стану. Нібы вострай бліскучай шабляй, бліскавіца драпнула па акне. Шыбы затрэсліся-затрымцелі. Непрытомная Малання зняможана павалілася на падлогу…

Гэта быў яе судны дзень і вялікая трагедыя для сям’і. Двое малых дзяцей у адзін момант асірацелі. Гаспадар аўдавеў.

Смерць Маланні разарвала палатно жыцця гэтай сям’і на дзве палавіны. Пасля пахавання жонкі Васіль захаваў год жалобы, а потым пачаў спешна ўладкоўваць асабістае жыццё.

Спадарожніцу доўга не выбіраў. Прапанаваў Тамары стаць яго жонкай, слаба спадзеючыся, што тая паквапіцца на такую незайздросную долю. Трэба ж было “паставіць на ногі” дзетак: адзін-аднаго меншыя.

 

У ролі маці

Неўзабаве жанчына перабралася ў яго хату. Нястомныя яе рукі ўсё адмылі, адчысцілі, прыбралі, прыхарашылі. І ў хаце ўдаўца, дзе яшчэ да самага дна не вычарпаліся гора і сум, адразу нават пасвятлела.

Ішлі дні. Спяшаліся гады. Дзеткі сталелі. Дарослыя старэлі. Так склаўся лёс, што другі шлюб Васіля быў бяздзетным. Таму Тамара прыгарнула дзетак Васіля да свайго сэрца, як галубкоў. Яна была ахвярная маці, пакорная жонка.

Усе ў вёсцы Дубоўцы прыкмячалі, што пасля смерці першай жонкі Васіль зрабіўся яршысты, калючы. Нярэдка грозна пакрыкваў і на сына, і на дачку. Нават рэменем прыгразіць не прапускаў выпадку. Тамара, калі была сведкай тых бытавых выхаваўчых разборак, рашуча станавілася на абарону дзяцей. Яе звыклыя словы: “Бацечка, ну чаго ты на іх накінуўся? Пашкадуй лепш!”– міжволі размякчалі мужчынскае сэрца.

Няродных дзетак яна шкадавала. Ніколі не магла нават рэзкім словам пакрыўдзіць. А як старанна даглядала іх! Гаспадыня Тамара была адмысловая. Ды і чысцюля – словамі не перадаць.

 

Хоць і чужыя па крыві…

Выраслі дзеткі. Падаліся з Дубоўцаў. Сын асталяваўся ў Маладзечанскім раёне, дачка ў Бабруйску. Хоць па крыві яны былі ёй і не родныя, але ўсё роўна свае.

Васіль памёр. Тамара стала ўдавой. Перажывала, што дзеткі цяпер пакінуць назаўсёды, не будуць прыязджаць, цікавіцца яе жыццём: “Дарослыя ўжо сталі, сем’і маюць. Яна іх зразумее. Яна не асудзіць. Яна ж ім маці няродная. Таму чаго наракаць?!”

На старасці Тамара не хацела быць ім абузай.

Але дарослыя дзеткі аказаліся не такімі, як асцерагалася жанчына. Сын і дачка па-ранейшаму прыязджалі ў бацькоўскі дом. Прывозілі гасцінцы. Дапамагалі па гаспадарцы. Пяшчотна атулялі яе кранальна-цёплым словам: “Матуля”. І не было ў тым слове ні кроплі фальшу.

Многія ў вёсцы па-добраму ёй зайздросцілі: нават некаторыя родныя дзеткі так пачціва не адносіліся да сваіх бацькоў. А тут жа, як ні круці, а ўсё ж чужыя па крыві.

У адзіноце не пакінулі

Тамара нярэдка разважала так: калі раптам зусім заняможа, то будзе прасіцца ў дом састарэлых. Дакучаць жа сыну ці дачцэ ніколі не асмеліцца. Але калі прыйшоў час гэтай нядужасці, не ўстаяла перад настойлівым клопатам дачкі. Тая сабрала ўсе самыя патрэбныя рэчы і павезла старэнькую матулю з Дубоўцаў у Бабруйск, дзе даўно асела яе сям’я. Там старая жыла ў выключным доглядзе і апецы.

Лёс падарыў ёй шчодра гадкоў: больш за 90 імклівых вёснаў. Калі жанчыну паралізавала, дачка Надзея свядома папрасіла начальніка падкарэкціраваць яе рабочы графік. Каб яна паспявала прыбегчы дадому накарміць, пераапрануць хворую маці і зноў вярнуцца на працу. Бывала, што часам і сама не паспявала падсілкавацца, а пра маці ніколі не забывала.

Некаторыя знаёмыя яе нават не раз папракалі ў такой залішняй, як ім здавалася, ахвярнасці.

“Пашкадуй!”– гэта любімае матчына слова, як запавет, з дзяцінства запала ў сэрца Надзеі і прарасло там міласэрнасцю да бацькоў, да людзей. Гэта слова вярнулася ў глыбокай старасці і да нямоглай Тамары ў выглядзе рэальнай шчырай падтрымкі з боку клапатлівай дачкі.

Для многіх жыхароў Дубоўцаў такі прыклад стаў павучальным: пакуль што ніхто з дзяцей не пакінуў сваіх старых бацькоў без увагі і пасільнай дапамогі. Гэта гісторыя маяком міласэрнасці свеціць у вокны кожнай хаты, дзе засталіся адзінокія людзі. Каму з іх за 80, а каму і яшчэ багацей…

 

Плады выхавання бываюць розныя

Гісторыю, пра якую распавяла вышэй, расказала мне адна жыхарка  Дубоўцаў. Сваё прозвішча прасіла не называць. Яна прызналася, што калі глядзіць па тэлевізару рэпартажы з дамоў-інтэрнатаў для састарэлых людзей, то розныя эмоцыі ўзрушваюць сэрца. Радуецца, што ў казённых сценах такія спрыяльныя ўмовы і камфорт. Але ж усё роўна там нікому, пераканана жанчына, не хочацца аказацца. Лепш хаткі, дзе радзіла матка, нічога на свеце няма. І неяк асцярожна, з аглядкай мая субяседніца рэзюміравала: “Пражыла большую частку жыцця адна. Пражыву і меншую. Бо век мой ужо не павялічваецца, а, наадварот, толькі скарачаецца”.

Мая субяседніца вывела такую мараль: мужчын адзінокіх можа калі чэрствыя дзеці і асмеляцца пакінуць на волю лёсу, а вось жанчын наўрад ці. Бо як жа можна пакінуць Маці?!

Але падобнае, на жаль, у нашым прагматычным жыцці ўсё ж здараецца. І ў час журналісцкіх камандзіровак такога нярэдка наслухаешся…

Пятая хрысціянская запаведзь павучае: «Чти отца твоего и матерь твою, да благо ти будет…»

Адметна, што гэта запаведзь ідзе адразу за запаведзямі любові. Аднак гэтай любові да бацькоў часта некаторым дарослым дзецям і не стае.

Летась у час камандзіроўкі ў Багданаўскі сельсавет пачула пра факт дзікай чэрствасці.  Сын-п’яніца садраў з ног маці апошнія боты і прадаў іх, каб раздабыць грошы на чарговую выпіўку. Гора-пакупнікі, відаць, знайшліся сярод такіх, як і ён сам.

Толькі і супакойвае ў гэтай жыццёвай сітуацыі тое, што падобныя факты ў раёне не правіла, а хутчэй выключэнне.

Жанчына праз месяц памерла. Ну а пра пахаванне самотніцы лепш увогуле не расказваць на старонках газеты…

А пазней гэту песімістычную “калекцыю” папоўніў наступны эпізод. У адным з населеных пунктаў знешне вельмі прыстойныя дзеткі

нават труну маці-нябожчыцы ў дом не ўнеслі. Ля вугла на вуліцы прыстроілі. Але затое потым “гэтыя бацькоўскія вуглы” так хціва  дзялілі паміж спадчыннікамі.

Раўнадушша ў некаторых людзей часам выходзіць за ўсялякія межы здаровага сэнсу.

Гарадскія дзеці ў вясковых хатах свайго маленства летам часта становяцца дачнікамі. З бацькамі жывуць пад адным дахам, але поўнасцю адмежаваўшыся матэрыяльна. На свае халадзільнікі асобныя індывіды нават надзейныя… замкі навешваюць. Ну проста першабытныя норавы!

Абыякавасць, як іржа, раз’ядае сэрцы, шырыцца бяздонне чэрствасці, прагавітасці. Нібы чорныя крумкачы падзяўблі ў душы чалавека зерне спагады, людскасці, самапавагі.

Успомніўся з нядаўна прачытанага адзін неардынарны, але рэальны факт. У халодную пару ў гады ваяўнічага атэізму аднаго манаха высадзілі з цягніка ў густым лесе. Зрабілі гэта з цвёрдым перакананнем, што ён не выжыве, замерзне ў тых кліматычных умовах. Але адбыўся цуд неспадзяванага выратавання.

Яго напаткаў дзікі мядзведзь. Смерці, здавалася, было не пазбегнуць. Але драпежнік не стаў чапаць нявольніка незнаёмага лесу. Ён пашкадаваў гаротніка, нутром адчуў яго гора і адагрэў ля свайго цела…

Замест эпілога

…Хваробы рэдка каго абмінаюць, а старасць  дакладна нікога не літасціць, яна нікога не пашкадуе. Старасць – гэта такая нематэрыяльная істота, да якой нельга дакрануцца, задобрыць, папрасіць аб уступках. Яна не ідзе ні на якія кампрамісы. Старасць – гэта ў нейкім сэнсе таксама крыж. Вельмі цяжкі крыж. І несці яго не кожнаму па сілах. А ў каго міласэрнае сэрца, той заўважыць гэта і абавязкова дапаможа…

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *