Старасць – зручная мішэнь для зламыснікаў

Закон и порядок

Ні для каго не сакрэт, што адзінокія пажылыя людзі – зручная мішэнь для зламыснікаў. Спектр жа злачынстваў, якія ўчыняюцца супраць іх, даволі шырокі – ад простага махлярства да адкрытага рабавання.

Вядома, стары чалавек часта не здольны хутка зарыентавацца ў сітуацыі, пастаяць за сябе і сваю маёмасць. Гэта і выкарыстоўваюць тыя, для каго адзін з асноўных маральных запаветаў, сфармуляваных ледзь не ва ўсіх культурах свету – «Шануй старэйшага» –пустыя словы.

За мінулы год у раёне зафіксавана амаль чатыры сотні злачынстваў, кожнае пятае з іх учынена ў адносінах да пажылых людзей. З 80 падобных парушэнняў закону 60 мелі маёмасны характар, 6 адносіліся да катэгорыі цяжкіх ці асабліва цяжкіх.

Як спробу вырашэння гэтай праблемы, РАУС нядаўна правёў аперацыю «Увага: Узрост!». Яе асноўнымі мэтамі былі выкараненне прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць злачынствам супраць пажылых людзей, прафілактыка парушэнняў у сферы сямейна-бытавых адносін, выяўленне асоб, ад якіх найбольш верагодна чакаць магчымых правапарушэнняў, і прыняцце супраць іх папярэджваючых сродкаў. Ставіліся і некаторыя іншыя задачы па пытаннях павышэння эфектыўнасці работы міліцыі ў рэчышчы абароны правоў, маёмасці, жыцця і здароўя састарэлых жыхароў раёна.

У мерапрыемствах прынялі ўдзел супрацоўнікі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі, Дзяржаўтаінспекцыі, раённага аддзялення Дэпартамента аховы, крымінальнага вышуку, групы па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю, інспекцыі па справах непаўналетніх сумесна з прадстаўнікамі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Адным з асноўных напрамкаў работы стаў непасрэдны кантакт з пажылымі людзьмі, высвятленне іх праблем і патрэб, тлумачэнне правіл бяспекі і папярэджвання магчымых злачынстваў. Спецыяльныя камісіі з удзелам супрацоўнікаў ТЦСАН і МНС абследавалі сацыяльна-бытавыя ўмовы пражывання састарэлых грамадзян, каб падрыхтаваць адпаведныя дакументы для аказання ім патрэбнай дапамогі.

Супрацоўнікі міліцыі асноўную ўвагу засяродзілі на прафілактычнай рабоце з хранічнымі алкаголікамі, асобамі, што ўхіляюцца ад працоўнай дзейнасці, сямейнымі скандалістамі, раней судзімымі, тымі, за кім рашэннем суда ўстаноўлены альбо можа быць устаноўлены прэвентыўны нагляд і інш.

У чарговы раз увага органаў правапарадку была звернута на выяўленне і знішчэнне ачагоў самагонаварэння і незаконнага абароту спіртаўтрымліваючых вадкасцяў. Не сакрэт, што вельмі часта старыя людзі самі наклікаюць на сябе бяду, спачатку запрашаючы мясцовых лайдакоў-выпівох дапамагчы па гаспадарцы, а потым разлічваючыся з імі самагонам.

РАУС нагадвае жыхарам раёна, а асабліва пажылым, што ў абсалютнай большасці выпадкаў простая асцярожнасць, абачлівасць у зносінах з чужымі людзьмі можа надзейна абараніць вас ад магчымых супрацьпраўных дзеянняў. Важнай з’яўляецца таксама і пільнасць у адносінах да любых людзей, якія вядуць сумніўны лад жыцця, займаюцца незаконным гандлем алкаголем альбо рэчамі невядомага паходжання.

РАУС звяртаецца да грамадзян з просьбай інфармаваць органы правапарадку аб любых асацыяльных элементах, незнаёмых падазроных людзях, немясцовых асобах, якія прапануюць на продаж разнастайныя рэчы ці інструменты. Зрабіць гэта можна па кругласутачным тэлефоне 54-0-21.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий