ПАД ЗНАКАМ ТВОРЧАСЦІ

Молодежный курьер

Калі Анастасія ДОНЬ-ШЫНАЙКА прыйшла працаваць у дзіцячы садок, маленькія гарэзы адразу яе палюбілі. У новай выхавальніцы і дзетвары аказалася шмат агульных інтарэсаў. Творчая Анастасія, поўная цікавых мастацкіх ідэй, стала для маленькіх фантазёраў і свавольнікаў старэйшай сяброўкай. Разам яны малююць, лепяць з пластыліну, робяць аплікацыі, складаюць вершы, спяваюць і танцуюць.

З малышамі дзяўчына працуе паўгода. У дзіцячы садок № 2 “Вясёлка” райцэнтра Анастасію накіравалі па размеркаванні пасля вучобы на факультэце дашкольнай адукацыі Белдзяржуніверсітэта імя М. Танка.

Родам дзяўчына з вёскі Аўгустова. Скончыла СШ № 1 горада Валожына. Працаваць у родных месцах, дзе калісьці расла, для маладога спецыяліста прыемна, але ў той жа час і адказна.

Ёсць у Анастасіі і хобі. Яна па-майстэрску валодае мастацтвам шыцця. Асвоіла гэта рамяство самастойна. Падчас вучобы ва ўніверсітэце на зэканомленыя са стыпендыі грошы купіла сабе швейную машынку. У гардэробе Насці ўжо ёсць некалькі ўласнаручна пашытых сукенак. У адной з іх яна красавалася на выпускным балі ва ўніверсітэце.

Ёсць у А. Донь-Шынайкі яшчэ адно захапленне – маляўнічыя паштоўкі. Іх яна робіць з рознакаляровага кардону і паперы, упрыгожвае пацеркамі, стужачкамі. Матэрыял для работы купляе ў спецыялізаваных крамах для мастакоў. Такія арыгінальныя вырабы, што захоўваюць цеплыню рук і дыхаюць радасцю, Насця любіць дарыць родным і сябрам.

Фота і тэкст Алены ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *