МІЛА СЭРЦУ І ВОКУ…

Общество

Дарэмна думаюць многія, што вясковыя сядзібы прыгожыя толькі вясной ды летам, калі вакол буяе зеляніна, а палісаднікі поўняцца кветкамі, дэкаратыўнымі кампазіцыямі і малымі архітэктурнымі формамі. Каля падворка Алы Сільвестраўны Янушкевіч з вёскі Сівіца не пройдзеш раўнадушна і ў зімовы час: захапляе вока саламяна-каменна-драўляная прыгажосць, створаная ўласнымі рукамі гаспадароў.

Ужо з вуліцы запрашаюць у двор драўляныя вароты, над якімі аркай узвышаецца саламяная страха. І ўсё гэта арганічна ўпісваецца ў самаробную каменную агароджу, якая, бы сцяна старажытнага замка, ахоўвае будынак і двор ад няпрошаных гасцей. Затое тых, хто мае добрыя намеры, заўсёды рады тут вітаць. У цэнтры двара размясцілася альтанка са шматлікімі дэкаратыўнымі ўпрыгажэннямі, прысыпаная тонкім слоем іскрыстага снегу, побач – невялічкае штучнае азярцо, абкладзенае каменнем, якое зараз зацягнулася лядком. За альтанкай – месца для мангала, таксама складзенае з камянёў. І хоць зімой яно выкарыстоўваецца не часта, але прываблівае незвычайным каларытам, які надаюць яму шматлікія старадаўнія рэчы, што тут размешчаны: прас, лямпа, збанкі, жалезныя колы. А калі на зямлю апускаецца вечаровы змрок, уся гэта прыгажосць падсвечваецца святлом двух вялікіх шарападобных ліхтароў.

Ідэя такім чынам аформіць бацькоўскую сядзібу прыйшла сыну Алы Сільвестраўны Дзмітрыю, які жыве разам з маці. Ён быў і дызайнерам, і будаўніком, і электрыкам, і калекцыянерам старадаўніх рэчаў… Напэўна, калі чалавек захапляецца прыгажосцю, здольны на выдумку і мае майстравітыя рукі, ён заўсёды зможа здзівіць нечым незвычайным. І гэта будзе прыцягваць людскія позіркі ў любую пару года.

Тэкст і фота Святланы СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий