ПРАСТОРА ДЛЯ ТВОРЧАСЦІ – КУХНЯ…

Общество

Сядзіба Наталлі Смяян і яе сям’і размясцілася на ўскрайку вёскі Сівіца. Гаспадары – людзі маладыя і энергічныя – вырашылі добраўпарадкаваць свой дом і разгарнулі тут шырокамаштабны рамонт з будаўніцтвам. Гаспадыня сустрэла мяне на парозе, усмешлівая і ветлівая…

Наталля Анатольеўна нарадзілася і вырасла ў Івянцы. Як і ўсе дзяўчынкі,  мела цікавасць да кухні і гатавання, але сказаць, што толькі ў гэтай справе бачыла сваё прызванне, было б трошкі няшчыра. Праўда, калі надышоў час вызначыцца з прафесіяй, паступіла ў Вілейскае ПТВ менавіта па спецыяльнасці “повар” – і, як выявілася, знайшла ў гэтым сваё прызванне!

Пасля выпуску Наталля ўладкавалася ў дзіцячы летнік “Дарожнік” (пасля расфарміравання на яго месцы размясціўся Ракаўскі-псіханеўралагічны дом-інтэрнат – заўвага рэдакцыі). І карміла-частавала вясёлых наведвальнікаў лагера на працягу трох гадоў. Затым, як водзіцца, выйшла замуж, пайшла ў дэкрэтны. І цэлых шаснаццаць гадоў свае кулінарныя здольнасці прымяняла выключна ў вузкім сямейным коле. Дзеля цікавасці я запытаў, якая ж у сям’і Смяян “фірменная”, любімая страва? Аказваецца, тут вельмі паважаюць макароны “па-флоцку” і плоў. Невялікая ж доля “экзотыкі” ўраўнаважваецца выдатным смакам…

Наталля прызнаецца, што выхад на работу ў дом-інтэрнат даўся ёй нялёгка: прайшло аж тры месяцы, пакуль прызвычаілася да працоўнага рытму. Затое цяпер пад’ём у чатыры раніцы не ў цяжар. Чаму так рана? Таму што Наталлі, каб накарміць усіх 165 чалавек – супрацоўнікаў і падапечных, трэба быць на рабоце ўжо ў 6 гадзін – скласці меню і пачаць кашаварыць… Часам яна дабіраецца на рэйсавым аўтобусе, але часцей садзіцца за руль уласнага аўтамабіля – апраўдалася колішняе жаданне прайсці вадзіцельскія курсы.

Нядаўняя перамога ў абласным конкурсе поварскага майстэрства на самой справе першае значнае прафесіянальнае дасягненне Наталлі. Так атрымалася, што дырэктар установы заўважыў яе прафесіянальныя якасці, ацаніў талент – і папрасіў адстаяць гонар Валожыншчыны. Як выявілася, нездарма. Такім чынам, перамога сумясцілася з творчасцю, якой, як бачна, ёсць месца ў кожнай прафесіі.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий