«Я ГАНАРУСЯ СЛУЖБАЙ У РАКЕТНАЙ БРЫГАДЗЕ…»

Молодежный курьер

«…І лічу, што з месцам службы мне пашанцавала», — так распачаў свой аповед пра армейскія будні наш зямляк Сяргей Бараноўскі. Юнаку ў маі мінулага года давялося памяняць студэнцкія красоўкі на салдацкія берцы. Прайшло дзевяць месяцаў з таго часу, як ён быў прызваны на тэрміновую службу. Сёння ён лічыцца адным з лепшых дызелістаў-электрыкаў 15 зенітнай ракетнай брыгады, якая дыслацыруецца непадалёк Ракава.

Гэта брыгада ўжо некалькі дзесяцігоддзяў знаходзіцца на варце беларускага неба. Тут праходзяць службу ваеннаслужачыя з усіх куткоў Беларусі. Ёсць сярод іх і валожынцы, і прыемна, што яны ў ліку лепшых. Нялёгкія задачы па нясенні баявога дзяжурства і ўнутранай службы, абслугоўванні тэхнікі і ўзбраення выконваюць вайскоўцы. Месцам службы Сяргея стала энергамеханічнае аддзяленне першага зенітнага ракетнага дывізіёна: юнак забяспечвае энергіяй тэхніку і абсталяванне.

Ён поўнасцю авалодаў воінскай спецыяльнасцю, таму зараз Сяргею даверана нясенне баявога дзяжурства. Як выдатнага, тэхнічна граматнага спецыяліста, добрасумленнага, працалюбівага, дысцыплінаванага чалавека характарызуюць юнака камандаванне і саслужыўцы.

Хлопцу пашчасціла праходзіць тэрміновую службу недалёка ад дома. Родам ён з вёскі Ластаянцы Падбярэзскага сельсавета. Пасля заканчэння школы паступіў у педуніверсітэт. Аднак, скончыўшы першы курс, зразумеў, што памыліўся. Тады і вырашыў, што спачатку трэба атрымаць сапраўдную мужчынскую прафесію – абаронцы Айчыны. І калі прыйшла павестка з ваенкамата, не вельмі засмуціўся.

— Разумею, што служба ў радах Узброеных Сіл – не толькі мой абавязак перад Радзімай, але і добрая магчымасць праявіць сябе і навучыцца ваеннай справе. У нашай сям’і большасць мужчын служыла ў арміі. Мой бацька быў пагранічнікам на Далёкім Усходзе, — расказвае Сяргей. — Хоць выраз «Армія – школа жыцця» і пафасны, аднак цалкам адпавядае рэчаіснасці. Яна рыхтуе юнакоў да далейшага жыцця. У арміі становішся дарослым і перастаеш «лётаць у аблоках». Кардынальна мяняюцца погляды на жыццё, з’яўляюцца новыя каштоўнасці, надзейныя сябры. Блізкія людзі, з якімі знаходзішся ў разлуцы, становяцца яшчэ даражэйшымі.

За гэты час юнак многаму навучыўся. Стаў больш уважлівым і адказным, выхаваў у сабе вытрымку і пунктуальнасць — без гэтых якасцей у арміі не абысціся. Тут спрыяльныя ўмовы для прафесіянальнай вучобы, самаразвіцця, заняткаў спортам, удзелу ў розных спаборніцтвах. А яшчэ тут надзіва з’яднаны калектыў, дзе ўсе адзін за аднаго гарой. Можа, гэта і стала для Сяргея рашаючым фактарам у выбары будучай прафесіі – пасля службы ў арміі ён марыць паступіць у Ваенную акадэмію.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота Сяргея ЛІТВІНАВА.

 



Добавить комментарий