ЯНЫ ЧАКАЮЦЬ ЛЮБОВІ І КЛОПАТУ

Общество

Пры размове пра матулю вочы гэтых дзетак патухаюць і становяцца вільготнымі. Абодва яны ў тым узросце, каб здолець стрымаць эмоцыі і не даць ім вырвацца на волю, але яшчэ не дараслі да ўмення пакрывіць душой ці перавесці гутарку ў іншае русла. Слова “мама” для іх звязана з вялікімі душэўнымі перажываннямі нездарма. Віталік і Віялета ўжо трэці раз трапляюць у сацыяльны прытулак…

КУДЫ ТЫ, МАМА?

Калі маладая жанчына нарадзіла першынца Віталіка, ёй было яшчэ далёка да дваццаці. Адным словам, самой яшчэ неабходна была бацькоўская падтрымка і мудрая парада. А праз два гады на свет з’явілася маленькая Віялета. Як і ўсе іншыя дзеці пяшчотнага ўзросту, малечы па-свойму гарэзілі і забаўляліся, радаваліся гэтаму вялікаму свету і яго хараству… пакуль у іх бесклапотнае жыццё не ўмяшаўся алкаголь. П’янства самага роднага чалавека на зямлі расплылося чорнай плямай па буднях малышоў, па іх настроі, іх пачуццях… Урэшце гэта прывяло да першай і самай галоўнай трагедыі ў іх жыцці – маму па пэўнай прычыне накіравалі ў месцы пазбаўлення волі. І калі Віялета мала яшчэ што разумела, яе чатырохгадовы брацік сэрцам адчуў няладнае… Нямала сіл прыйшлося прыкласці выхавальнікам прытулку, каб вывесці дзіця з дэпрэсіі. Вельмі баяліся, каб не замкнуўся ў сабе, не затаіў вялікі боль у глыбіні неакрэплай душы. Стваральная сіла ласкі і дабрыні, якімі агарнулі дзяцей, здолела-такі зруйнаваць бар’ер адчужэння і ўзвяла першы мост даверу. Яны заўсёды былі разам. Менавіта тады Віталік і зразумеў, як многа значыць для яго сястрычка і як моцна ён яе любіць. Любіць – і нікому-нікому ніколі не дасць у крыўду!..

У ЦЯПЛЕ ПЯШЧОТНЫХ РУК

Віталіку і Віялеце пашанцавала з прыёмнымі бацькамі. Адаптаваліся нядоўга: усімі маленькімі сваімі сэрцамі пацягнуліся да людзей, якія зноў падарылі ім слодыч жыцця ў сямейным коле. Водар дамашніх страў, з душой прыгатаваных жанчынай, вясёлыя і цікавыя забавы з яе мужам прымусілі глухі смутак адступіць, а затым і знікнуць. Незаўважна для сябе дзеці сталі называць іх мамай і татам… Родная маці горача цікавілася лёсам сваіх крывінак. Рэгулярна пісала лісты, у якіх прасіла расказваць пра малышоў, іх быт у новай сям’і. Адбылася і ў яе жыцці яшчэ адна важная падзея. Там, за калючым дротам, маладая жанчына нарадзіла трэцяе дзіця – хлопчыка Сярожу. А ў 2011 годзе яна вярнулася дадому. І першай важнай справай, якую зрабіла жанчына, стаў пісьмовы зварот у органы апекі і папячыцельства, каб ёй вярнулі дзетак.

Віталік і Віялета ўспрынялі навіну і з радасцю, і з затоеным непакоем адначасова. Ім было шкада пакідаць прыёмных бацькоў, якія агарнулі іх цяплом і клопатам, да якіх прыкіпелі душой. Але ж малыя прагнулі і ласкі роднай матулі… Адным словам, праз пэўны час просьбу жанчыны выканалі. Са слязамі радасці цалуючы і абдымаючы дзетак, яна абяцала весці прыстойнае жыццё, усімі сіламі клапаціцца пра крывінак. Узрадаваныя і ашчасліўленыя доўгачаканай сустрэчай, малечы шчыра верылі, што гэтак і будзе…

НЕ СПРАЎДЗІЛА ДЗІЦЯЧЫЯ НАДЗЕІ

Як цяжка гадаваць траіх, прыёмныя бацькі Віталіка і Віялеты ведалі не па чутках. Таму і не пакінулі маладую жанчыну сам-насам з сямейнымі турботамі. Асабліва старалася прыёмная матуля: рэгулярна наведвала дзяцей, прывозіла падарункі, прадукты харчавання і пачастункі. Вучыла родную маму хопчыка і дзяўчынкі няхітрай кухарскай справе: няцяжка зразумець, што той асабліва і не было дзе набірацца вопыту… Чым больш часу праходзіла, тым больш Віталік і Віялета радаваліся тым прыездам. Іх біялагічная маці зноў пачала прыкладацца да чаркі, зноў у доме з’явіліся п’яныя кампаніі, так патрэбнай дзецям увагі станавілася ўсё менш… Праз паўгода пасля “шчаслівага ўз’яднання” па рашэнні суда ў прытулак забралі ўжо траіх. Калі іх выводзілі з хаты, Віталік плакаў і крычаў: “Я ведаў, ведаў што так будзе! Я ж цябе прасіў больш не піць!..” Жанчыне далі тэрмін для выпраўлення, але яна не здолела ўтаймаваць цягу да спіртнога і ўзяцца за розум. Светлыя дзіцячыя надзеі зноў аказаліся груба растаптанымі. І ўсведамленне гэтага рабіла боль разбітых маленькіх сэрцаў яшчэ больш пякучым.

ЗНОЎ НА РАЗДАРОЖЖЫ…

Доўга ў прытулку дзеткам быць не давялося. Літаральна праз некалькі дзён адна з прыёмных сем’яў прыняла да сябе маленькага Сярожу, а старэйшых Віталіка і Віялету зноў забралі ранейшыя прыёмныя бацькі. Ласка і прыязнасць сталі тымі гаючымі сіламі, якія дапамаглі душэўным ранам зноўзацягнуцца. Здавалася б, цяпер толькі радавацца жыццю, але… Чорная птушка няшчасця разгарнула над гэтай сям’ёй крылы. Нядаўна ў выніку трагічнага выпадку не стала той, каго дзеці прывыклі называць мамай. Адвозячы брата і сястру назад у прытулак, мужчына, ледзь стрымліваючы слёзы, тлумачыў: “Баюся, не спраўлюся я адзін…”

АДГУКНІЦЕСЯ, ЧУЛЫЯ СЭРЦЫ!

“Што з намі цяпер будзе?” – запытаў неяк Віталік у спецыяліста сектара па ахове дзяцінства аддзела адукацыі райвыканкама Л. В. Кулак, якая пастаянна знаходзіцца пры маленькіх жыхарах прытулку, і з якой ён знайшоў добры кантакт. Што было адказаць жанчыне на гэтае, здавалася б, зусім простае, але зусім не дзіцячае пытанне? Што калі не знойдзецца ў бліжэйшым часе прыёмная сям’я, якая пажадае ўзяць дзяцей пад сваю апеку, іх чакае дарога ў дзетдом? Расказваючы гэту гісторыю, Ларыса Валяр’янаўна не змагла схаваць слёзы. Раз Віталіку і Віялеце незаслужана выпаў такі жорсткі лёс, то трэба хоць паспрабаваць дапамагчы ім пераадолець складанасці на шляху да жыцця ў паўнацэннай сям’і. Магчыма, гэты артыкул абудзіць чыёсьці чулае сэрца і дапаможа споўніцца самай запаветнай мары дзяцей, якія прагнуць любові і клопату…

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

P.S.: Усю неабходную інфармацыю можна атрымаць у сектары па ахове дзяцінства аддзела адукацыі райвыканкама па тэлефоне 58-8-25.

 



Добавить комментарий