Бяда пад назвай «самагон»

Закон и порядок

Тэма самагонаварэння і барацьбы з ім – сапраўдны грамадскі боль. Танны, няякасны, асабліва шкодны для здароўя алкаголь – прычына шматлікіх бед ад звычайных сямейных скандалаў да цяжкіх злачынстваў, што забіраюць чалавечыя жыцці. Значная колькасць зафіксаваных органамі правапарадку парушэнняў закону так ці інакш звязаны менавіта з саматужнай гарэлкай. Яшчэ больш шкоды прыносіць яна ў сферы, непадуладнай амаль што нікому – у чалавечай душы.

Людзі ў міліцэйскай форме несупынна вядуць барацьбу з памагатымі «зялёнага змея». За мінулы год ім удалося адшукаць і знішчыць больш за дваццаць тысяч літраў самагоннай брагі, без малога шэсць соцень літраў самагону і амаль столькі ж іншых утрымліваючых алкаголь самаробных вадкасцяў, вывесці са строю звыш шасцідзесяці апаратаў па вырабе моцных спіртных напіткаў хатняй вытворчасці.

Цікава звярнуцца да статыстычных звестак, каб высветліць, якім чынам ідзе змаганне з агульнай бядой па асобных рэгіёнах Валожыншчыны.

Другім населеным пунктам раёна пасля Валожына з’яўляецца Івянец. Але ж ні рамесныя традыцыі, ні гістарычная памяць не ўратавалі жыхароў пасёлка ад агульнай хваробы – самагонаварэння. У 2012 годзе супрацоўнікамі міліцыі тут было знойдзена дзесяць самагонных апаратаў, што складае каля 16% ад агульнай колькасці па раёне. У пасёлку пражывае 12% насельніцтва раёна – 4289 чалавек па стане на 1 снежня 2012 года. Атрымліваецца, што колькасць «агрэгатаў» на душу насельніцтва сярод івянецкіх жыхароў вышэйшая за сярэднераённы паказчык.

У мінулым годзе супраць самагоншчыкаў было складзена сямнаццаць пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні, спагнана больш за пяць мільёнаў рублёў штрафаў. Але ж найбольшую цікавасць выклікаюць лічбы па знойдзеных і канфіскаваных у Івянцы аб’ёмах брагі і канчатковага прадукту, якія складаюць 880 і 20,5 літраў, што ў адносінах да агульнараённых маштабаў дае 4 і 3 працэнты адпаведна.

Асобную праблему для праваахоўнікаў складаюць лясныя масівы, якія падступаюць да пасёлка. Менавіта яны часта становяцца прытулкам для вытворцаў «вадкай валюты». Нягледзячы на ўсе намаганні міліцыі сумесна з ўдзельнікамі добраахвотнай народнай і маладзёжнай дружын, супрацоўнікамі лясніцтваў, у навакольных хмызняках і дагэтуль раз-пораз трапляюцца самагонныя міні-заводы, якія не толькі вырабляюць нелегальны алкаголь, але ж і забруджваюць наваколле адходамі вытворчага працэсу.

Колькі чалавецтва памятае сябе, столькі ж улады розных краін вядуць змаганне з саматужным пітвом. Каб гэтая барацьба не зрабілася вечнай, патрэбна, каб кожны з нас усвядоміў праблему, адчуў яе сваёй уласнай, зрабіў свой унутраны выбар.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий