ГАРАДЖАНКА ПРЫЖЫЛАСЯ Ў ДОРАХ

Молодежный курьер

У сельскай гаспадарцы няма лёгкіх прафесій. Участак, які тры з паловай гады таму ўзначаліла тады яшчэ малады спецыяліст, выпускніца Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта Ірына Валер’еўна Ждановіч, для многіх падаўся б непамернай ношай, бо дзяўчына прыступіла да працы галоўным бухгалтарам адразу пасля заканчэння ВНУ. Без вопыту, але з вялікім жаданнем працаваць, прымяняць на практыцы ўсе набытыя ў час вучобы веды. А больш за ўсё хацелася апраўдаць аказаны ёй давер.

Карэнная гараджанка, яна хоць і заканчвала аграрны ўніверсітэт, нават і ўявіць не магла, што паедзе працаваць у сельгаспрадпрыемства далёка ад дому, ды яшчэ там і застанецца. У час размеркавання разам з бацькамі выбрала Валожынскі раён: з прапанаваных — найбліжэйшы да Гродна. На Валожыншчыне лёс звёў яе з мясцовым пяршайскім хлопцам. Пазнаёміліся ў аддзяленні Белаграпрамбанка ў райцэнтры, куды Ірына часта наведвалася па службовых справах. Дзмітрый працаваў касірам у аддзеле рознічных паслуг і адразу заўважыў рыжавалосую прыгажуню. Праз два гады — пажаніліся, гаспадарка выдзеліла маладой сям’і дом у аграгарадку Доры. У будучым яны мараць пра вялікую дружную сям’ю, а пакуль усе іх клопаты былі скіраваны на добраўпарадкаванне дома і прысядзібнай тэрыторыі. «Калі ёсць рай на зямлі, то ён ва ўласным садзе», — гавораць маладыя гаспадары. Таму восенню і пасадзілі на ўчастку шмат вішнёвых і яблыневых дрэў, арганізавалі месца для адпачынку.

Сёння Ірыну Валер’еўну смела можна назваць правай рукой кіраўніка. У лічбах і бухгалтарскіх дакументах яна як рыба ў вадзе. А асаблівае задавальненне, па словах маладога бухгалтара, атрымлівае, калі па ўсіх паказчыках сходзяцца справаздачы. Яе першымі настаўнікамі і памочнікамі на шляху спасціжэння прафесіі сталі вопытныя бухгалтары, якія шмат гадоў адпрацавалі ў сельскай гаспадарцы, — Зоя Львоўна Кулак і Галіна Іванаўна Шэўчык.

— Добрыя паказчыкі, якімі можа пахваліцца наша сельгаспрадпрыемства, — вынік працы ўсяго вялікага калектыву. Асабіста ад мяне патрабуюцца сучасныя веды, веданне камп’ютара і бухгалтарскіх праграм, чулыя, паважлівыя адносіны да падначаленых. А яшчэ – уменне прымаць у рамках маёй кампетэнцыі правільныя рашэнні, — зазначае Ірына Валер’еўна.

У зносінах Ірына Валер’еўна душэўны, прыемны чалавек, а захапленні раскрылі яе яшчэ і з іншага боку – як выдатную гаспадыню. Яна добра шые і смачна гатуе. А яе муж любіць, калі жонка балуе яго чымсьці смачненькім – блінамі, мачанкай ці пірагамі.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий