Прыкметы сапраўднай гаспадарлівасці

Общество

Кабінеты кіраўнікоў бываюць розныя. Адны – утульныя і наседжаныя, іншыя – стрыманыя і афіцыйныя, трэція – сучасныя і тэхналагічныя. Увайшоўшы ў прасторны пакой, што значыцца рабочым месцам дырэктара КСУП «Падбярэззе» Анатоля Лужынскага, я крыху разгубіўся. Кабінет сустрэў мяне сціплай, яшчэ савецкіх часоў, аздобай і нейкай, як быццам … пакінутасцю.

Не паспеўшы разабрацца ў паходжанні гэтага пачуцця, я павітаўся з гаспадаром, і мы без лішніх размоў перайшлі да справы.

Анатоль Яраслававіч расказваў аб планах развіцця гаспадаркі. Ледзь паспяваючы занатоўваць яго словы, я заўважыў, што на стале перад кіраўніком няма ніякіх запісаў, зводак. Усё тое, аб чым гаварыў суразмоўца, захоўвалася ў яго розуме і сэрцы. Падумалася, што так хутка, з задавальненнем і імпэтам гавораць толькі людзі, якія любяць справу да апантанасці – мастакі, калекцыянеры, спартсмены. Але ж перада мной сядзеў гаспадарнік, дасведчаны кіраўнік немалога сельгаспрадпрыемства са слаўнай гісторыяй. І ў кожным яго слове адчуваліся і глыбокае веданне справы, і шчырая зацікаўленасць, і асабісты клопат аб кожнай дробязі, якую нехта іншы мог бы пакінуць без увагі.

Шмат чаго чакае гаспадарка ад 2013 года. Тое, што было закладзена ў мінулыя гады, сёлета мусіць быць даведзена да канца, запушчана ў вытворчы працэс. Галоўная задача – тэхнічнае перааснашчэнне. Першай ластаўкай тут стане новая малочнатаварная ферма коштам каля пяці мільярдаў рублёў, будоўля якой ужо распачата. Шмат новага ва ўтрыманні жывёлы будзе ўведзена тут. Па-першае, плануецца прагрэсіўнае бяспрывязнае ўтрыманне статка. Па-другое, круглыя суткі каровы будуць знаходзіцца на ферме, нават улетку не выганяючыся на пашу. Каб забяспечыць гэта, плануецца выкарыстанне сучасных сістэм механічнай апрацоўкі і змешвання кармоў з раздачай іх жывёле ў аднароднай масе.

Летась на новую тэхніку, абсталяванне і агрэгаты гаспадарка асвоіла больш за мільярд рублёў. У бягучым годзе гэтая лічба будзе значна большая. Як мінімум два з паловай мільярды будуць выдаткаваны на мадэрнізацыю тэхнічнай базы. Плануецца набыццё яшчэ аднаго энерганасычанага трактара з поўным камплектам навяснога абсталявання – прычэпам, плугамі, пасяўным агрэгатам, гноераскідальнікам. Паводле разлікаў эканамістаў сельгаспрадпрыемства, нягледзячы на значны кошт новай тэхнікі, пры рацыянальным выкарыстанні яна зможа даволі хутка акупіць сябе.

Запланаваны змены ў структуры пасяўных плошчаў. Так, павялічацца пасевы зернебабовых культур. Ужо не першы год, ў выніку іх прадуманага выкарыстання ў рацыёне буйной рагатай жывёлы, гаспадарка адчувальна эканоміць на пакупцы кармавога шроту. Мяркуецца больш зямлі аддаць і пад такую эканамічна выгадную культуру, як цукровыя буракі. Гэты крок запатрабуе папаўнення ў машынным парку. У строй стане сучасны камп’ютарызаваны агрэгат для хімічнай праполкі і новая бурачная сеялка. Як паказваюць разлікі, яе выкарыстанне нават пры мінулагодніх плошчах пасеваў буракоў дасць прырост валавых аб’ёмаў збору гатовай прадукцыі каля 180-200 тон.

Адной з крыніц фінансавых паступленняў у бюджэт гаспадаркі стала ўласная піларама. У 2012 годзе на ёй праводзілі распілоўку драўніны, як для ўласных будаўнічых патрэб, так і па заказе лясгаса. Нават на цяперашнім абсталяванні ўдавалася штодзень вырабляць да 12 кубічных метраў гатовых піламатэрыялаў. На сённяшні дзень заключаны дагаворы на пастаўку новых станкоў, якія дазволяць адчувальна павысіць прадукцыйнасць і прыбытковасць вытворчасці.

Анатоль Яраслававіч яшчэ доўга распавядае мне аб сваіх планах, задумах, бачанні будучага роднай гаспадаркі. А я цяпер разумею, чаму яго кабінет спачатку падаўся мне крыху неабжытым, нібыта пакінутым. Сапраўднае рабочае месца гэтага маладога, настойлівага кіраўніка не тут, а на прасторных палетках сельгаспрадпрыемства, у новых корпусах жывёлагадоўчых комплексаў, майстэрнях і цэхах. І гэта – прыкмета сапраўднага гаспадара.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий