45 ГАДОЎ АДДАДЗЕНА РОДНАЙ ГАСПАДАРЦЫ

Общество

У. М. НАБАРОЎСКІ працуе начальнікам участка № 2  ВУ ААТ «Тарасава» ў Ракаве. Яго прафесіянальны шлях доўжыцца больш за 4 дзесяцігоддзі.

За гэты час многае змянілася і ў гаспадарцы, і ў тэхналагічным працэсе аграрнага сектара эканомікі. Але па-ранейшаму, у гэтым цвёрда перакананы Уладзімір Міхайлавіч, галоўным звяном усіх вытворчых працэсаў з’яўляецца чалавек. Таму начальнік участка і стараецца правільна скаардынаваць працу сваіх падначаленых, каб вынік быў эфектыўны. У. М. Набароўскі ведае, што важна не толькі патрабаваць з людзей прафесіянальнай аддачы,  але важна своечасова сказаць ім добрае слова падзякі за шчырую працу. Таму ён і ў размове з журналістамі неахвотна расказваў пра сябе, хаця адпрацаваў на сельгаспрадпрыемстве 45 гадоў. Затое столькі ўхвальных слоў сказаў у адрас руплівых вяскоўцаў. Гэта і Анатоль Іванавіч Галавацкі, Міхаіл Юр’евіч Гарнічар, Аляксандр Міхайлавіч Дубатоўка, Сяргей Аляксандравіч Пятроўскі, Ігар Іосіфавіч Дубатоўка, Аляксей Аляксеевіч Янушкевіч і многія іншыя.

А самым пераканаўчым поспехам мінулага года на гэтым вытворчым участку сталі здабыткі хлебаробаў. На круг у сярэднім было атрымана па 42 цэнтнеры збожжа. Ужо не за гарамі і пачатак наступнай пасяўной кампаніі. Безумоўна, што добры вопыт мінулага года руплівыя хлебаробы і сёлета абавязкова возьмуць у свае надзейныя памочнікі.

Уладзімір Міхайлавіч Набароўскі жыве ў Ракаве. Гэтага чалавека ведаюць у вёсцы як выдатнага сем’яніна, клапатлівага мужа і бацьку. А яшчэ ён выдатны гаспадар. Разам з жонкай Ірынай Антонаўнай зрабілі сваю сядзібу ўзорнай. У жылым доме ёсць усе камунальна-бытавыя выгоды, як у добраўпарадкаванай гарадской кватэры.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота Сяргея БОБРЫКА.

 



Добавить комментарий