ДЗЕСЯЦЬ КАЛЫСАК ДЗЯЦІНСТВА

Культура

Сёння ў нашу імправізаваную рэдакцыйную гасцёўню мы запрасілі шматдзетную маці з Багданава Яўгенію Уладзіміраўну БАРАХОЎСКУЮ. Вясной ёй споўніцца 64 гады. Бясцэнным скарбам, у літаральным сэнсе гэтага слова, для жанчыны сталі 10 дзяцей. Яна – адзіная дачка ў сям’і. Прычым, позняе дзіця. Маці нарадзіла Яўгенію ў сорак гадоў.

…Дзесяць дзяцей Я. У. Барахоўскай ужо даўно жывуць асобна. А калі б сабраліся разам, то спатрэбілася б некалькі сталоў, каб пасадзіць іх, а таксама 8 зяцёў і нявестак, 8 унукаў. На святы, вялікія сямейныя ўрачыстасці гаманліва ў гэтай хаце. Але ў поўным складзе ім рэдка ўдаецца сабрацца.  Адна дачка жыве ў Мінску, адзін сын – у Маскве, адзін – у Адэсе, астатнія ў Маладзечне.

– Давайце бліжэй пазнаёмімся з Вашымі дзеткамі. Пачнём з іх года нараджэння…

– Ой, дакладнага года кожнага з іх без памылкі магу і не назваць. Памяць крыху аслабела, відаць,  пасля наркозу. Бо нядаўна перанесла складаную аперацыю. Таму буду называць толькі іх узрост. Я сама, дарэчы, равесніца Алы Пугачовай, ды і нарадзіліся мы ў адзін дзень – 15 красавіка 1949 года.

Першынцы маёй – Таццяне споўнілася 45. Яна нарадзілася 17 верасня. Праз пяць гадоў 30 сакавіка на свет з’явілася Алена, затым праз два – сын Валодзя. Потым у нашай сям’і нарадзілася Ала, за ёй – Павел, праз год – Мікалай, праз тры гады пасля яго – Аляксандр, яшчэ праз тры – дачка Марына, а праз два – наша апошняя дачушка Веранічка.

– Вы назвалі толькі 9 дзяцей! А іх жа 10! Некага, відаць, прапусцілі…

– Не можа быць!

Жанчына пачынае наноў пайменна пералічваць сваіх дзетак. І зноў захоўвае ранейшы парадак імёнаў. Адзін раз у яе атрымліваецца восем, затым нават сем. Яўгенія Уладзіміраўна кліча на дапамогу мужа. Віктар з лёгкай іроніяй папракае жонку, што тая сваіх дзяцей не ведае.

І вось яны ўжо ўдваіх жвава “сыплюць” імёнамі. Муж, каб не збіцца, загінае пальцы: “Выходзіць, і сапраўды толькі дзевяць. Нават сорамна, што блытаемся…”

Мужчына вінавата ўсміхаецца, што, відаць, дарэмна папракаў жонку, бо і сам збіўся ў імёнах сваіх дзяцей. І праз хвіліну-другую яны амаль аднагалосна радасна ўсклікаюць: “Як жа гэта мы прапусцілі нашу Наташку?!” Вось дзе няёмка! Нарадзілася яна ўслед за Вовачкам. Яна ў нас – чацвёртае дзіця”.

Муж і жонка з ахвотай паказваюць сямейныя фотаальбомы. Тут увасоблены важныя моманты жыцця дамачадцаў. Найбольш у архіве здымкаў, якія адлюстроўваюць дзяцінства, школьныя гады. У гэтай калекцыі нямала і вясельных фота. А калі сыны і дочкі выраслі, то сямейны архіў пачаў папаўняцца не так актыўна. У гэтым доме некалі былі аж 34 фотаальбомы.

– Якімі талентамі адарыла прырода Вашых дзетак?

– Ніякіх асаблівых здольнасцей не маюць. Праўда, усе дзяўчаты хораша спяваюць. Наташа  асвоіла ігру на баяне.  Дарэчы, усе дочкі адмысловыя кулінаркі, але асабліва  прыкіпела да гэтай справы меншая – Веранічка.

– Хто яна па прафесіі?

– Пасля размеркавання працавала фельчарам у нашай амбулаторыі. Нядаўна пераехала ў Маладзечанскі раён.

– Цікава даведацца пра прафесіянальны шлях астатніх дзяцей.

– Дзве дачкі працуюць прадпрымальніцамі, адна настаўніцай, адзін сын займаецца азеляненнем гарадской тэрыторыі, два пайшлі ў будаўнічую сферу. Малодшы сын працуе фельчарам, жыве ў Адэсе. Наташа – медсястра ў Маладзечне. Марына жыве ў Мінску, працуе на Беларускай чыгунцы. Пра Веранічку я ўжо расказала. Дзеці скончылі сярэднія спецыяльныя ўстановы, трое маюць вышэйшую адукацыю.

– Яўгенія Уладзіміраўна, раскажыце, як знайшлі сваю другую палавінку?

– На танцах. Я родам з Вярцімаў. Будучы муж настаўнічаў у суседняй вёсцы Навасёлкі. А сустрэліся ў клубе ў Слайкоўшчыне на вечары адпачынку. Доўгі час сябравалі, а потым вырашылі аб’яднаць свае лёсы. Вяселля не рабілі, абышліся без пышнага застолля. Проста распісаліся ў сельскім Савеце. Я выйшла замуж у 17 гадоў.

– Быць шматдзетнай маці – цяжкая ноша. Як Вы яе адолелі?

–      Сапраўдная маці дзяцей любіць усім сэрцам, таму і сіл на ўсё хапае. Цяпер часам успамінаю былое і са здзіўленнем думаю, як я з усім тады спраўлялася. Наймала і няньку, аддавала сваіх малых і ў дзіцячы садок.

Я шчаслівая сваімі дзеткамі. Я імі ганаруся. Кожны з іх цешыць матчына сэрца. Ні за кога ніколі не было сорамна і балюча. Хаця самі ведаеце, што ў шматдзетных сем’ях часта ўладарыць нядобранадзейная атмасфера. Але наша сям’я ніколі не мела дрэннай славы. Стараліся, каб дзеткі заўсёды былі сытна накормлены. Мы ніколі на іх не эканомілі. І мяса ў доме ўдосталь было, і розных прысмакаў…

У беднаце не жылі. Праўда, было цяжкавата. Аднойчы здарылася бяда. Згарэлі ўсе новыя надворныя гаспадарчыя пабудовы. Гэта матэрыяльна вельмі ўдарыла па сям’і. Але нас не пакінулі сам-насам добразычлівыя суседзі, атрымалі мы і дзяржаўную дапамогу.

Няпроста ў фінансавым плане прыходзілася, калі дзеці пасля заканчэння дзесяцігодкі паступілі вучыцца далей. І сумку трэба было напакаваць, і з сабой даць грошы… Нашу сям’ю і дзяцей засцерагла ад усяго кепскага, што ёсць на свеце, шчырая праца. І сыны, і дочкі з маленства не раслі беларучкамі. Мы трымалі вялікую гаспадарку: па дзве-тры каровы, цялушкі, па чацвёра свіней, шмат мелі свойскай птушкі, апрацоўвалі зямельны надзел. З усім гэтым выдатна спраўляліся. Дысцыпліна строгая была ў адносінах да дзяцей. Мы сачылі, каб яны былі заўсёды чысценькія, акуратныя. Не раз бацька, асабліва гэта тычылася сыноў, вытрасаў на падлогу змесціва школьных партфеляў, дзе панаваў хаос, каб хлопцы навялі ідэальны парадак.

Дзеці няблага вучыліся. Адна дачка скончыла школу з залатым медалём, другая з сярэбраным. Муж мой па прафесіі настаўнік. Выкладаў у Багданаўскай школе ўрокі біялогіі і хіміі. Пра падрыхтоўку ўрокаў, праверку дамашніх заданняў, дзённікаў найчасцей клапаціўся Віктар. Я ж “патанала” ў гаспадарчых справах.

– Яўгенія Уладзіміраўна, а кім Вы працавалі? Ці, можа, за дзецьмі і не было калі?

– У дэкрэтных водпусках, можна сказаць, увогуле не была. Поўны тэрмін выкарыстала толькі, калі гадавала Веранічку. А так увесь час у справах. 38 гадоў 11 месяцаў і 6 дзён працавала лабарантам у мясцовай дзесяцігодцы. А калі надыходзіў час школьных канікулаў, то таксама не адпачывала. Свядома, каб зарабіць грошы, уладкоўвалася ў саўгасную сталоўку, ці ішла шчыраваць на зерняток. А гэта ў асноўным начныя змены. Пачыналіся яны ў 20 гадзін вечара і заканчваліся ў 8 раніцы. Увесь час на нагах, спіна аж дранцвее. Скончыцца змена ў саўгасе, бягу дадому. Тут таксама чакалі клопаты па хатняй гаспадарцы. А потым спяшаюся ў школу на 9 гадзін раніцы. Там жа таксама не адпачнеш нават у час канікулаў. Чысцілі, фарбавалі кабінеты, прыбіралі двор – рыхтавалі школу да новага навучальнага года.

– У які перыяд  прыходзілася асабліва цяжка?

–      Калі хварэлі дзеткі. Здаралася, і не адзін занядужа, а адразу некалькі. Тады і вочы за ноч не самкнеш. Бывала, сяджу ў школьнай лабараторыі за сталом і адчуваю, што міжволі засынаю. А тут, як на тое зло, з праверкай прыйдзе дырэктар, папракне за такую дысцыпліну.

Як няпроста гадаваць дзесяць дзяцей, ведае толькі тая жанчына, якая іх сама гадавала. У суткі часам прыходзілася спаць толькі некалькі гадзін. Усё астатняе – бясконцая праца. А ў галаве – неадчэпная думка: як паспець перарабіць усё запланаванае, як з усім справіцца?! Дайду да ложка, толькі прылягу, і тут жа засну. Хоць камяні пад галаву падсунь, не разбудзіш, не парушыш моцны сон. А цяпер, наадварот, такая бяссонніца, што хоць тры пуховыя падушкі падкладзі, а сон усё роўна не ідзе…

– Сапраўдная маці… Якой яна павінна быць на Вашу думку?

–      Сапраўдная маці павінна быць ахвярнай, яна павінна імкнуцца, каб дзеці, якіх нарадзіла, ніколі ні ў чым не мелі патрэбы. Пра іх найперш трэба падумаць, а пра сябе на нейкі час нават забыцца. Інакш не справіцца з іх выхаваннем…

Нашы дзеці выраслі сціплыя. Без асаблівых прэтэнзій, мы іх не маглі балаваць прадметамі раскошы. Не мелі і моднага адзення, як іх равеснікі, не куплялі мы дочкам залатыя ўпрыгажэнні. Летам яны больш працавалі, чым загаралі. Наша сям’я брала вялікую дзялку буракоў у саўгасе. Яблыкі кожную восень нарыхтоўвалі, ягады ў лесе на продаж збіралі. Стаўшы дарослымі, сыны і дочкі ніколі не папракнулі нас, што ў школьныя гады ім шмат  давялося папрацаваць.

– Што асабліва цешыць сэрца, калі размова заходзіць пра дзяцей?

– Якія нашы дзеткі, лепш няхай судзяць чужыя людзі. Але ганьбы за іх мы не маем. Галоўнае, што мы з мужам перакананы, што адзінокай старасці нам няма чаго баяцца. Дзеці не пакінуць! Калі мне зрабілі складаную аперацыю, то санітары хацелі везці мяне ў рэанімацыю, а ўрач ім сказаў: “Вязіце адразу ў палату. Вунь яе “рэанімацыя!”  І паказаў на маіх дзвюх дачок, якія стаялі ў калідоры. Яны знялі кватэру паблізу бальніцы, каб два тыдні пазменна з раніцы да вечара быць каля мяне.

Аднойчы нейкі час жыла ў дачкі ў Маладзечне. У такой чысціні! У такім клапатлівым доглядзе! Бацюшка прыйшоў асвяціць хату і  адразу заўважыў гэту апеку з боку маіх дзяцей. Задаволена сказаў, што цяпер будзе на пропаведзях у храме на нашым прыкладзе ўсім расказваць, як трэба даглядаць старых бацькоў.

Скончылася наша гутарка з Яўгеніяй Уладзіміраўнай не зусім традыцыйна. Яна мне задала адзінае і апошняе пытанне: “А ці шмат яшчэ жанчын у раёне нарадзілі па 10 дзяцей?”

Я змагла тады назваць маёй субяседніцы толькі адзін дакладны факт: у Багданаўскім сельсавеце ў вёсцы Людымы, якая хутчэй нагадвае аддалены хутар, жыве яе “калега” па мацярынскаму шчасцю – Яніна Баляславаўна Буракоўская. У яе таксама дзесяць дзяцей. Пра раённую статыстыку шматдзетных маці я даведалася пазней ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Там мне паведамілі, што ў раёне такіх багатых на дзетак сем’яў налічваецца толькі тры.

Хто ведае, можа хто яшчэ і адважыцца паўтарыць вялікі мацярынскі подзвіг гэтых жанчын.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара і з сямейнага архіва Барахоўскіх.

 



Добавить комментарий