БЛАКІТНЫЯ МАГІСТРАЛІ

Общество

Газазабеспячэнне нязменна суправаджае быт не толькі гараджан, але і вяскоўцаў. Штогод блакітнае паліва ўпэўнена пракладвае свае магістральныя шляхі да прыватных жылых дамоў. Ажыццявіць доўгачаканую мару заказчыкам дапамагае банкаўская фінансавая падтрымка. Яе гарантуе грамадзянам адпаведны Указ, які тычыцца льготнага крэдытавання. Сваю лепту ў гэту справу ўносіць і дзяржаўная казна. У гэтым годзе Валожынскаму раёну згодна з Указам Прэзідэнта ад 02 чэрвеня 2006 года № 368 выдзелены больш за 3 мільярды рублёў для газіфікацыі эксплуатуемага жылога фонду грамадзян.

Прынята і адпаведнае рашэнне райвыканкама. Інвестыцыйна-будаўнічаму камунальнаму ўнітарнаму прадпрыемству “УКС-Валожын” належыць забяспечыць своечасовае мэтавае выкарыстанне субвенцый у адпаведнасці з іх размеркаваннем.

70 працэнтаў работ па газіфікацыі эксплуатуемага жылога фонду аплачваецца з дзяржаўнай казны, а 30 працэнтаў расходаў кампенсуюць непасрэдна грамадзяне. Удакладнім, што гэта мера дапамогі  не распаўсюджваецца на неабходныя ўнутраныя работы ў жылым доме. Тут усе расходы, а яны на сёння складаюць звыш 4 мільёнаў рублёў (без расходаў на набыццё газавага абсталявання), нясе непасрэдна сам заказчык. Цэнтр банкаўскіх паслуг ААТ  “Беларусбанк” № 605 згодна з Указам Прэзідэнта ад 02 чэрвеня 2006 года № 368 на ўзвядзенне ўнутраных сістэм газазабеспячэння, набыццё абсталявання (катлы, пліты, рэгулятары і інш.) выдае грамадзянам крэдыты пад 3 працэнты тэрмінам на 2 гады.

Як паведамілі рэдакцыі ў адміністрацыі РУ “Валожынрайгаз”, сёлета ў нашым раёне праектаванне і пракладка “блакітнага паліва” да жылых дамоў будзе ажыццяўляцца ў 11 спажывецкіх кааператывах. Работы ў кааператыве “Новы Двор” Залескага сельсавета ўжо набліжаюцца да фінішу. Уладальнікі 66 сядзіб у вёсках Новы Двор, а таксама ў Сасноўцах, Лабах неўзабаве ў сваіх дамах адчуюць усе выгоды прыроднага газу.

У першым квартале 2013 года пачнуцца работы і ў кааператыве “Бел-Сев-газ”, які ахоплівае Бялякі, Савяцевічы Валожынскага сельсавета. Тэмпу работ будзе спрыяць і наступны факт: тут ужо маецца праектна-каштарысная дакументацыя. Наступным у чарзе запланаваных работ стаіць кааператыў “Улазавічы-2009”. Сюды ўваходзіць аднайменная вёска, а таксама Подбалаць, Мінці. У кааператыў аб’ядналіся 104 гаспадары прыватных сядзіб. Ён самы буйны сярод пакуль што дзеючых у раёне.

У кааператывах жа, назвы якіх мы прыводзім ніжэй, гэта праектна-каштарысная дакументацыя пакуль у стадыі распрацоўкі. Але, нягледзячы на ўстаноўленую чаргу, магчыма і карэкціроўка запланаваных работ у створаных кааператывах па меры гатоўнасці ПКД.

Далей у графіку значыцца кааператыў “Эдэльвейс-1”. Ён уключае 20 жылых дамоў у Дорах і Макрычаўшчыне. Затым  работы пачнуцца ў кааператыве “Татарскія-газ” у Залескім сельсавеце. Наступным у чарзе стаіць “Саланая-газ”, дзе налічваецца 16 заказчыкаў. Пад № 7 у рабочым спісе чарговасці значыцца “Арыён-2012”, сфарміраваны з 9 домаўладальнікаў вуліц Шчарбіны, Мічурына горада Валожына. Затым газавікі перабазіруюцца ў “Каштан-2012”: будуць газіфікаваны 22 жылыя дамы прыгараднай вёскі Каштаноўка. У плане бягучага года і газіфікацыя трох дамоў па вуліцы Гасціловіча райцэнтра.

У гэтым годзе работы па пракладцы “блакітнага паліва” ў жылы сектар намечаны і ў Івянцы. Тут 18 жыхароў гарпасёлка аб’ядналіся ў кааператыў “Партызанскі-2012”.

Завяршае тытульны спіс спажывецкіх кааператываў гэтага года “Макараўка-2012”, дзе стаіць у чарзе 20 чалавек.

Заўважым, што ўзвядзенне падводзячых газаправодаў высокага ціску па УП “Мінскаблгаз” у 2013 годзе запланаваны да вёсак Новы Двор, Бялякі, Улазавічы.

Кааператыў “Татарскія-газ” па прычыне адсутнасці праектна-каштарыснай дакументацыі на гэты год не ўключаны ў план будаўніцтва газаправода высокага ціску. У астатніх жа сфарміраваных кааператывах такія віды газаправодаў ужо ёсць. А гэта толькі будзе спрыяць тэмпу работ.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий