БЕЗ САРДЭЧНАСЦІ Ў ГЭТАЙ ПРАФЕСІІ НЕЛЬГА

Общество

За грошы не купіш не толькі здароўе, але і цеплыню чалавечага сэрца. Медсястра Л. М. ГУРСКАЯ бескарысліва адорвае людзей дабрынёй і ветлівымі ўсмешкамі. Пацыенты Вішнеўскай урачэбнай амбулаторыі ведаюць, што ў працэдурным кабінеце, якім загадвае Лілія Мікалаеўна, яны заўсёды сустрэнуць да сябе душэўную прыхільнасць і спагаду. 

Кажуць, прафесію трэба выбіраць, кіруючыся марамі дзяцінства. На парозе дарослага жыцця важна ўзгадаць, кім жадаў стаць у дзяцінстве – той выбар і будзе самым дакладным, ён не дасць памыліцца і расчаравацца.

Лілія Мікалаеўна расла ў вёсцы Запур’е. Калі хварэў хто-небудзь з родных, дзяўчынка хвалявалася, шчыра жадала дапамагчы, толькі не ведала як. Уколы маленькая Ліля ўмела рабіць толькі лялькам. Тады ў дзяўчынкі і з’явілася жаданне стаць медыкам.

Скончыўшы Мінскае медыцынскае вучылішча, Лілія Мікалаеўна не здраджвае сваёй дзіцячай мары ўжо 29 гадоў – такі яе працоўны стаж. Поплеч з Л. М. Гурскай у Вішнеўскай урачэбнай амбулаторыі вадзіцелем машыны “хуткай дапамогі” працуе і яе муж.

Чуласць і ўважлівасць медсястры асабліва важныя для маленькіх наведвальнікаў медыцынскай установы. З кожным малышом Лілія Мікалаеўна ўмее пасябраваць. Дзякуючы ласкавым і падбадзёрваючым словам, яна ў вачах дзіцяці ператвараецца ў добрага доктара, і ўкол здаецца карапузу не такім балючым.

Вішнеўская ўрачэбная амбулаторыя абслугоўвае 45 вёсак, а гэта аказанне медыцынскай дапамогі 2472 жыхарам. Працоўны дзень працэдурнай медсястры напоўнены звыклымі абавязкамі: уколы, кропельніцы, перавязкі і яшчэ дзясятак іншых клопатаў. Жывучы ў такім насычаным рытме, лёгка стаміцца і раздражніцца, але Ліліі Мікалаеўне ўдаецца захаваць сардэчнасць да людзей, бо іншай прафесіі для сябе ўявіць яна не можа.

Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий