НА СУВЯЗІ!

Общество

У апошнія гады тэмпы развіцця тэлекамунікацыйных сістэм – тэлефоннай сувязі, інтэрнэту, тэлебачання – па-сапраўднаму ўражваюць. Кожны год прыносіць прынцыпова новыя тэхнічныя рашэнні, адкрывае для простага карыстальніка недаступныя раней магчымасці.

Як паведаміў начальнік Валожынскага РУЭС Валерый Барадака, у мінулым годзе для 1152 абанентаў па ўсім раёне тэлефонная сувязь перайшла на новы ўзровень. Да гэтага іх нумары абслугоўваліся тэлефоннымі станцыямі, на якіх было ўстаноўлена абсталяванне пазамінулага пакалення. Цяпер жа ў кватэры і дамы прыйшла прынцыпова новая сувязь, арганізаваная на сучаснай платформе IMS. Яна не толькі забяспечвае якасныя тэлефонныя размовы, але ж без дадатковых прыстасаванняў дазваляе арганізоўваць шырокапалосны доступ да сеткі інтэрнэт і атрымліваць паслугі інтэрактыўнага тэлебачання ZALA.

У 2012 годзе пераабсталяваны з пераходам на новую платформу 4 тэлефонныя станцыі. Яшчэ 6 будуць пераабсталяваны да канца бягучага года. У 2013 яшчэ 442 абаненты пяройдуць на выкарыстанне сістэмы IMS. Як растлумачыў Валерый Уладзіміравіч, падчас пераходу на новы стандарт адбываецца змена нумара тэлефона. Звычайна тры апошнія лічбы нумара застаюцца ранейшымі, тым часам як першыя – змяняюцца.

Плануецца, што колькасць карыстальнікаў інтэрнэту ад Белтэлекама ў 2013 годзе павялічыцца на 1200 абанентаў, інтэрактыўнага тэлебачання ZALА – на 1350.

Адыходзяць у мінулае тэлефонныя лініі, якія выкарыстоўваюць для перадачы сігнала металічны дрот. За апошнія гады ў раёне пракладзена 284 кіламетры сучасных валаконна-аптычных ліній, на якіх інфармацыя перадаецца не з дапамогай звыклай электрычнасці, а з выкарыстаннем светлавых імпульсаў. Усе новыя тэлефонныя станцыі будуць падключацца менавіта з выкарыстаннем валаконна-аптычных камунікацый.

Пачне знікаць тэлефонны дрот і ў кватэрах. Так, у бягучым годзе 210 абанентаў будуць падключаны па навейшай тэхналогіі xPON, якая выкарыстоўвае аптычнае валакно замест металічнага дроту для перадачы разнастайнай інфармацыі, ад тэлефоннага сігнала да тэлевізійных каналаў, у кватэры і дамы карыстальнікаў. Навінка дазволіць не толькі значна павысіць якасць тэлефоннай сувязі і хуткасць перадачы даных у сетцы інтэрнэт, але ж і прынцыпова ўзняць абароненасць перадачы інфармацыі.

Першымі пазнаёмяцца з навінкай жыхары вуліцы Партызанскай у райцэнтры. У наступным годзе да іх далучацца і жыхары вуліцы Гагарына. З гэтага моманту ва ўсіх новых дамах тэлефанізацыя будзе адбывацца выключна па тэхналогіі xPON.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий