ЛАГАПЕД ПА ПРЫЗВАННІ

Общество

Педагог-дэфектолаг Т. Я. ЛАМАКА ведае, як перамагчы каварныя недасканаласці і заганы ў дзіцячай мове. Нездарма лагапедычныя заняткі, якія Таццяна Яўгенаўна вядзе ў Ракаўскім дзіцячым садку, аб’яднаны ў гурток пад аптымістычнай назвай “Вясёлы язычок”.

Заняткі хоць і нагадваюць забаўную гульню, але на самой справе – цяжкая праца. У ход у гэтым сур’ёзным змаганні з дэфектамі мовы ідуць песні і скорагаворкі, дыхальныя і артыкуляцыйныя гімнастыкі, гульні па развіцці маторыкі рук. У барацьбе з упартым моўным ворагам маленькім непаседам асабліва дапамагаюць дабрыня і падтрымка Таццяны Яўгенаўны.

Таму ў гуртку “Вясёлы язычок” мінусы дзіцячай гаворкі і ператвараюцца ў плюсы, а дэфекты – у эфекты.

І ўсё дзякуючы досведу, атрыманаму ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. У гэтай навучальнай установе Таццяна Яўгенаўна скончыла факультэт алігафрэнапедагогікі і лагапедыі. Тут навучылі “прыручаць” непакорны моўны апарат, рабіць яго паслухмяным і падатлівым.

Перад паступленнем у ВНУ карэнная нясвіжанка Таццяна Яўгенаўна паспела атрымаць спецыяльнасць настаўніка пачатковых класаў у мясцовым Нясвіжскім педагагічным каледжы. Ракаўчанкай Таццяна Яўгенаўна стала дзесяць гадоў таму, калі прыехала ў пасёлак на працу па размеркаванні. Тут выйшла замуж. Педагагічная адукацыя дапамагае Т. Я. Ламака не толькі паспяхова працаваць з дашкольнікамі, але і быць добрай маці для сваіх сына і дачкі.

 



Добавить комментарий