Я ЗАПРАШАЮ ВАС НА ТАНЕЦ ВАЛЬС…

Общество

Вальс у большасці маладых людзей асацыіруецца сёння са старадаўнімі баламі ў палацах, дамамі і кавалерамі ў шыкоўных уборах, і ўжо ніяк не з сучаснасцю. Зусім нямногія могуць пахваліцца, што ўмеюць танцаваць вальс, не ўсведамляючы, наколькі гэта прыгожа, элегантна, нават вытанчана.

У Гародзькаўскім НПК вырашылі гэту праблему на дзіва проста. У школьнай праграме па фізічным выхаванні чатыры гадзіны адводзяцца на гімнастычныя практыкаванні, у якія, безумоўна, уваходзяць і танцы. А настаўнік фізічнага выхавання і здароўя Мікалай Мікалаевіч Рабцаў «ахвяраваў» іх на… вальс. Першыя заняткі паказалі, што вучням гэта даспадобы, у многіх нават нядрэнна атрымліваецца. У выніку вырашылі правесці конкурс «Я запрашаю вас на танец вальс…» на лепшае яго выкананне. Адміністрацыя школы адразу падтрымала гэту ідэю. Неўзабаве пачалося фарміраванне пар, рэпетыцыі, падбор касцюмаў і абмеркаванне дэталяў. Многія з тых, хто пажадаў насамрэч навучыцца танцаваць вальс і імкнуўся перамагчы ў конкурсе, прыходзілі займацца дадаткова, у вольны ад заняткаў час.

У дзень конкурсу святочна і ўрачыста было ва ўсей школе. Здаецца, усе навокал толькі і гаварылі пра гэта мерапрыемства, з нецярпеннем чакалі яго. Сямнаццаць пар пажадалі паказаць сваё танцавальнае майстэрства і паспаборнічаць за лідарства.

Журы, у склад якога акрамя работнікаў школы ўвайшлі і работнікі культуры — загадчык Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі І. М. Зянько і кіраўнік узорнага клуба «Грацыя» РЦК І. С. Іода, улічвала ўсё: як партнёры трымаюць паставу і вальсуюць, наколькі яны пластычна і элегантна рухаюцца, ці трапляюць у такт музыцы. Не засталіся па-за ўвагай і такія моманты, як запрашэнне на танец, паклон і нават знешні выгляд удзельнікаў. З усіх гэтых кампанентаў і складалася агульнае ўражанне аб пары і яе адзнака.

Многія ўдзельнікі атрымалі на конкурсе высокія балы, аднак лепш за астатніх вальсавалі, і гэта меркаванне было агульным, дзесяцікласніца Яна Лабэцкая і адзінаццацікласнік Дзмітрый Часноўскі. Яны набралі максімальную колькасць балаў – сорак. Другое месца было прысуджана вучаніцы 10 класа Караліне Барахоўскай і вучню 11 класа Аляксандру Будрэвічу. Юныя прыхільнікі вальса пяцікласнікі Вераніка Загорская і Раман Сапач сталі трэцімі. Усе пераможцы конкурсу атрымалі падарункі, а галоўнае, у іх гонар гучалі апладысменты і падзякі ад аднакласнікаў, настаўнікаў, бацькоў.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота аўтара.

 

 

 



Добавить комментарий