НА СЦЭНУ ВЫЙШЛІ ВОСЕМДЗЯСЯТ ПЯЦЬ…

Спорт

Прызёр раённых и абласных спаборніцтваў па баскетболе Дзянис Краскоўскі

На традыцыйным падвядзенні вынікаў у галіне фізічнай культуры, спорту і турызму за 2012 год прысутнічала шмат людзей, чые заслугі на гэтай ніве прызнаны і ацэнены – ад зусім маладых спартсменаў да сапраўдных ветэранаў, якія вядуць іх да перамог.

Усім было цікава паслухаць пра змены і перспектывы, якія чакаюць галіну ў наступным сезоне, а таксама павіншаваць з заслужанымі ўзнагародамі тых, каго запрашалі на сцэну раённага Цэнтра культуры. Здаровы інтарэс задаволіла начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама А. А. Гладчанка. Сёння ў раёне дзейнічае дзіцяча-юнацкая спартыўная школа агульнай фізічнай падрыхтоўкі, 26 спартыўных залаў, комплексная пляцоўка ў мікрараёне Сельгастэхніка, звыш 35 адкрытых спартыўных пляцовак. Працуе ФАЦ “Надзея”, філіялы цэнтра ёсць у Івянцы і Ракаве. Акрамя таго, дзейнічае цэнтр “Здароўе”, дзе прапануюцца паслугі інфрачырвонай саўны. З нецярпеннем валожынцы чакаюць завяршэння будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу, сёння ўжо асвоена 10 мільярдаў рублёў. З гэтым аб’ектам звязаны і асноўныя перспектывы. Тут плануецца адкрыць не толькі плавальнае аддзяленне, нароўні з ім будуць, да прыкладу, дзейнічаць і аддзяленні адзінаборстваў… Ужо рыхтуюцца заяўкі ў навучальныя ўстановы краіны на падрыхтоўку маладых спецыялістаў азначаных спецыяльнасцей. Акрамя гэтага, нядрэннае развіццё ў раёне атрымаў футбольны спорт, зборная Валожыншчыны ўжо ўдзельнічае ў Чэмпіянаце Мінскай вобласці ў другой лізе.

Прыемна было пачуць добрыя словы ў адрас сваіх падапечных інструктарам, якія трэніруюць работнікаў арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў горада і раёна: гэтыя каманды паспяхова выступаюць на міжгаліновых абласных і рэспубліканскіх спартакіядах. Вялікая работа вядзецца і па развіцці ў нашым рэгіёне турызму і агратурызму. Сёння на Валожыншчыне дзейнічаюць 26 аграсядзіб, у некаторых створаны экамузеі. А гэта – дадатковы стымул наведаць гасцінных гаспадароў і далучыцца да багатай беларускай этнакультуры.

Лепшы cпартсмен 2012 года Т. Жалток

Як паведаміла Аксана Аляксандраўна Гладчанка, наперадзе чакаюць вырашэння задачы далейшага ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы, стварэння новых спартыўных клубаў па інтарэсах і шмат іншага. Вядома ж, на першы план выступае імкненне работнікаў спартыўнай галіны прыцягнуць як мага больш жыхароў да вядзення здаровага ладу жыцця.

Другая частка мерапрыемства была прысвечана ўручэнню ўзнагарод. Трэба сказаць, іх было сапраўды шмат – 85 чалавек падняліся ў той дзень на сцэну за кубкамі, медалямі, дыпломамі і граматамі розных ступеняў. Лепшым спартсменам 2012 года заслужана назвалі Тадэвуша Бенядыктавіча Жалтка – члена зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы, пераможцу міжнароднага марафону “Белыя ночы” ў Санкт-Пецярбургу, міжнароднага паўмарафону “Капыльскае кальцо”, фестывалю бегу “Языльская дзясятка”, прабегаў “Залатая восень” і “Друскіненкай-Гродна”, прызёра марафону ў Жлобіне і легкаатлетычнага прабегу ў Бабруйску. Лепшым трэнерам па выніках года прызнаны

Лепшы трэнер 2012 года А ,Чарняўскi

трэнер па лёгкай атлетыцы Валожынскай ДЮСШ АФП Аляксандр Станіслававіч Чарняўскі. Узнагароды за развіццё агратурызму на Валожыншчыне атрымалі ўладальнікі сядзіб “Свет пчол” і “Шаблі” Васіль Фралоў і Уладзімір Шаблінскі, а таксама дырэктар абласной аздараўленчай базы “Галактыка” Вольга Каляда. Пераможцамі раённай круглагадовай спартакіяды сярод прадпрыемстваў і арганізацый сталі Валожынскі лясгас, воінская часць 30695 і філіял КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167”.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий