НА ПАЛІЦАХ БІБЛІЯТЭК — НАВІНКІ

Общество

У студзені кніжны фонд раённай бібліятэчнай сістэмы папоўніўся шматлікімі навінкамі. На набыццё літаратуры былі выдаткаваны сродкі з раённага бюджэту.

На кніжных паліцах цэнтральнай раённай бібліятэкі з’явіліся 104 новыя выданні агульным коштам 5 мільёнаў рублёў. У пераважнай большасці гэта мастацкая, краязнаўчая, галіновая літаратура, разнастайныя даведнікі і дапаможнікі. Сярод найбольш папулярных аўтараў, якія карыстаюцца сёння вялікім попытам у чытачоў і кнігамі якіх у чарговы раз папоўніліся паліцы, — В. Токарава, К. Вільмонт, Н. Батракова, Ф. Нязнанскі і інш.

Кніжныя фонды кожнай з 19 сельскіх бібліятэк і бібліятэк аграгарадкоў павялічыліся ў сярэднім на 60-70 экзэмпляраў. У Ракаўскую бібліятэку паступіла больш за сотню новых кніг на 4,4 мільёна рублёў. Аднак, як зазначыла бібліятэкар Аляксандра Станіславаўна Лямбовіч, гэта не адзіны шлях папаўнення іх установы літаратурай. Шмат кніг «ахвяруюць» і прыватныя асобы. Так, у снежні дэкан сталічнага лінгвістычнага ўніверсітэта Натэла Пятроўна Мартынюк, якая зараз жыве ў Ракаве, падарыла бібліятэцы каля 50 экзэмпляраў. Яшчэ 9 новых дзіцячых кніг яна прынесла ў бібліятэку ў студзені.

На 3 мільёны 169 тысяч рублёў было закуплена кніг і для раённай дзіцячай бібліятэкі. 62 дзіцячыя кнігі, сярод якіх «Азбука», «Англійскі для малышоў», казкі В. Біянкі і іншыя, будуць радаваць юных чытачоў на паліцах і ў чытальнай зале.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий