МАТЭМАТЫК У МАЁРСКІХ ПАГОНАХ

Общество

Не сакрэт, што студэнцкая грамада матэматычных факультэтаў ледзь не ва ўсіх ВНУ – большай часткай мужчынская. Вядома, у адвечнай спрэчцы паміж фізікамі і лірыкамі жаночая палавіна чалавецтва часцей займае пазіцыю апошніх. Але ж здараюцца і выключэнні. Алена ПАЛАНЦЭВІЧ скончыла механіка-матэматычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Спецыяльнасць выбірала сама, арыентуючыся на тое, да чаго клікала сэрца. Але ж у незвычайнага для дзяўчыны захаплення светам лічбаў і вылічэнняў ёсць свае карані.

Алена Тадэвушаўна скончыла СШ № 1, дзе матэматыку выкладала Лідзія Пятроўна Уланчык. Гэты выдатны педагог умела не толькі перадаць свае вялікія веды вучням, але ж і яе любоў да прадмета спакваля пераходзіла ў сэрцы навучэнцаў. Многія з яе выпускнікоў абралі матэматыку ў якасці жыццёвага шляху. Была сярод іх і Алена Паланцэвіч.

З будучым мужам, выкладчыкам інфарматыкі і фізікі валожынскай гімназіі, Алена Тадэвушаўна пазнаёмілася таксама праз агульны інтарэс да камп’ютараў. Дзевяцігадовы сын не парушае сямейнай традыцыі. Яго схільнасць да дакладнага мыслення рэалізуецца ў захапленні шахматамі.

У 1995 годзе Алена Паланцэвіч прыйшла працаваць у міліцыю. Праз год увайшла ў групу інфармацыйнага забеспячэння РАУС. За мінулыя гады прыйшлі вопыт і прызнанне калег. Зараз Алена Тадэвушаўна – маёр міліцыі, старшы інспектар па ўлікова-рэгістрацыйнай рабоце. Нядаўна, знаходзячыся ў адпачынку, інжынер-матэматык у міліцэйскай форме даведалася, што рашэннем Упраўлення ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкама па выніках аператыўна-службовай дзейнасці за мінулы год яна названа лепшай па прафесіі. Хаця ўзнагарода і была зусім нечаканай, аднак кожны, хто ведае дзелавыя якасці маёра Паланцэвіч, пагодзіцца з тым, што ўзнагарода знайшла свайго героя невыпадкова.

Калі надыходзяць вечары і выхадныя, чалавек, у чыіх руках надзейна захоўваецца ўся інфармацыя аб дзейнасці органаў правапарадку раёна, ператвараецца ў захавальніцу хатняга ачага. Алена Тадэвушаўна падзялілася са мной, што моцна любіць гатаваць. Параўнацца з гэтым захапленнем могуць хіба што толькі любоў да матэматыкі і прага да вандровак па роднай беларускай зямлі.

Тэкст і фота Андрэя ЗАХАРАНКІ.

 



Добавить комментарий