Боль без тэрміну даўнасці

Общество

Васямнаццаць гадоў таму ўказам Прэзідэнта Беларусі 15 лютага ўстаноўлена святкаванне Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Менавіта ў гэты дзень у далёкім 1989 годзе апошні савецкі салдат пакінуў тэрыторыю Афганістана, які за дзесяцігоддзе адабраў жыцці больш чым дзесяці тысяч хлопцаў з абшараў былога Савецкага Саюза. 735 беларусаў не вярнуліся дадому з той вайны. Па-рознаму ацэньваюць яе цяпер, але ж памяць аб тых, чыя маладосць назаўсёды пазначана афганскім знакам, клопат пра іх – святы абавязак і дзяржавы, і кожнага з нас.

Напярэдадні памятнай даты карэспандэнт «Працоўнай славы» сустрэўся са старшынёй раённага савета грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Рыгорам РУСАКЕВІЧАМ.

– Рыгор Мікалаевіч, колькі нашых землякоў удзельнічала ў баявых дзеяннях у складзе абмежаванага кантынгенту?

– Без малога сотня чалавек. Сёння ў нас на ўліку стаяць 55 жыхароў раёна. Адзін з іх – інвалід. Яшчэ 19 чалавек з тых, хто вярнуўся дадому, ужо пайшлі з жыцця. Па сутнасці, ад ран і хвароб мы губляем штогод аднаго ветэрана. А ўсе яны – людзі яшчэ зусім не старыя… 22 нашы землякі ўдастоены баявых узнагарод – ордэнаў і медалёў.

– У гэты дзень узгадваюцца ўсе нашы землякі, якім давялося служыць за межамі Радзімы. Ці толькі афганцы сярод валожынскіх ветэранаў-інтэрнацыяналістаў?

– Большай часткай, канешне, афганцы. Але ж ёсць і тыя, каго вайсковы лёс закінуў у Аб’яднаную Арабскую Рэспубліку – неіснуючы ўжо саюз Егіпта і Сірыі.

– Колькі валожынскіх хлопцаў загінула ў афганскай вайне?

– Трое. Вадзіцель, радавы Павел Падрэз. Мемарыяльная дошка яго памяці ўстаноўлена на Багданаўскай школе. Маёр інжынерных войск Валянцін Сліж з вёскі Гародзькі. Снайпер, радавы Іван Мазура з вёскі Янцэлеўшчына Ракаўскага сельсавета.

–  Якія мерапрыемствы запланаваны ў гэтым годзе з нагоды памятнай даты?

–  У Гародзьках адбудзецца ўрачысты мітынг, падчас якога будзе адкрыта мемарыяльная дошка памяці В. Сліжа. У ім прымуць удзел прадстаўнікі ўлады, праваслаўнай царквы, раённага ваенкамата і ветэранскіх арганізацый. У суботу 16 лютага ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы пройдзе шашачны турнір сярод дарослых і школьнікаў, прысвечаны 24-й гадавіне вываду войск з Афганістана. Прадпрыемствы ж, работнікі якіх з’яўляюцца ветэраны-афганцы, парадуюць іх грашовай дапамогай.

–  Якім чынам дапамагае дзяржава былым воінам-інтэрнацыяналістам?

– Трэба зазначыць, што пра нас не забываюцца. Кожны год напярэдадні Дня памяці з прадстаўнікамі ветэранскіх арганізацый сустракаецца старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура. Усім інвалідам, якія мелі ў гэтым патрэбу, набыты аўтамабілі за кошт абласнога бюджэту. Ветэраны пастаянна праходзяць лячэнне і рэабілітацыю ў Рэспубліканскім клінічным шпіталі інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П. М. Машэрава і ў Цэнтры медыцынскай рэабілітацыі ў Віцебску. Маецца льгота на праезд у транспарце ў межах раёна. Усе афганцы маюць права браць адпачынак у любы зручны для іх час.

Гутарыў

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий