СПРЫТ І МЕТКАСЦЬ

Спорт

Традыцыйныя раённыя спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне, лыжных гонках і стральбе з пнеўматычнай зброі «Снежны снайпер» прайшлі ў гімназіі № 1 райцэнтра. У іх прынялі ўдзел каля 70 школьнікаў з 15 устаноў адукацыі раёна. 

Найбольш падрыхтаванымі аказаліся сёлета школьнікі Суднікаўскай СШ і Сакаўшчынскага НПК. І заслуга ў гэтым, безумоўна, настаўнікаў фізічнага выхавання І. Ф. Івашкі і А. А. Садоўскай. У агульнакамандным заліку каманда Суднікаўскай СШ стала пераможцам, другое месца занялі выхаванцы Сакаўшчынскага НПК, гімназісты падняліся на трэцюю прыступку п’едэстала гонару. Юнакі і дзяўчаты спаборнічалі асобна ў дзвюх узроставых групах. Як зазначыў суддзя спаборніцтва па стральбе Рыгор Гладчанка, юныя стралкі паказалі на гэты раз добрыя вынікі. Самымі меткімі ў старэйшай групе (1999-2000 гг. н.), а гэта значыць, выбілі па 45 ачкоў з 50, гімназісты Вікторыя Барахоўская і Валерый Палонскі. У малодшай групе (2001-2002 гг. н.) таксама вылучыліся вучні гімназіі Кацярына Мініна (у яе найлепшы вынік – 41 ачко) і Віктар Юкавец. Пераможцамі ў індывідуальным заліку па выніках усіх спаборніцтваў у старэйшай групе сталі Вячаслаў Янушкевіч (Суднікаўская СШ) і Марына Бубен (Івянецкая СШ), у малодшай – Вадзім Ганчарык (Дорскі НПК) і Паліна Янушкевіч (Суднікаўская СШ).

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий