ДУШОЙ ПАЛЫМНЕЕ ДА КВЕТКАЎ І КНІГ…

Общество

У час камандзіроўкі ў Сівіцу зайшлі выпадкам у мясцовую бібліятэку. Ва ўтульнай, умела аформленай чытальнай зале завіхалася жвавая, спрытная жанчына. Яна сартавала здадзеную чытачамі літаратуру, расстаўляла кнігі па стэлажах. Прызнацца, стос уразіў сваім аб’ёмам. Але, як выявілася, дзівіцца тут няма чаму: чытацкая аўдыторыя сівічан і наваколля перасягае 305 чалавек, вялікая частка іх – пенсіянеры і інваліды. А такіх загадчыца бібліятэкі ўзяла за правіла абслугоўваць на доме. Вось і тады толькі-толькі вярнулася ад некалькіх вяскоўцаў – даставіла ім новыя кнігі…

Так мы і пазнаёміліся з Ірынай Вікенцьеўнай Лоўчай – дасведчаным спецыялістам, цікавай субяседніцай, чалавекам з творчай душой. У бібліятэчнай сістэме яна 39 гадоў, кожны з якіх быў праведзены з карысцю і для сябе, і для вяскоўцаў. А пачынала піянерважатай у Манькаўшчынскай школе…

Праз непрацяглы час Ірыну Вікенцьеўну перавялі ў школу ў Сівіцу. Гэты прамежак часу жанчына ўспамінае з асаблівай цеплынёй, з ім звязаны лепшыя перажыванні. Акурат тады і прыйшоў на працу малады дырэктар, з якім неўзабаве завязаліся рамантычныя адносіны, што перараслі ў каханне, а потым – і ў вяселле. Нарадзілася і першая іх дачушка Алёнка…

У 1974 годзе Ірыну Вікенцьеўну прызначылі загадчыцай школьнай бібліятэкі. Практычна з таго часу і знайшла месца ў жыцці жанчыны творчасць. Неаднаразова дапамагала яна ладзіць мерапрыемствы работнікам культуры, гэту справу працягвае і сёння. Нездарма ў Сівіцы ажыў традыцыйны беларускі звычай праводзіць вячоркі. А дзякаваць за гэта трэба не толькі жанчынам-спявачкам, але і загадчыку мясцовай бібліятэкі! І. В. Лоўчая са смехам узгадвала, як даводзілася “за ногі з печы сцягваць” будучых удзельніц гэтага фэсту, але затое гэтыя рашучыя меры акупіліся з лішкам “агеньчыкам”, што загарэўся ў іх душах. Так зладзілі некалькі вечарын – і збіраюцца прадаўжаць гэту справу далей. Адно з апошніх прапанаваных І. В. Лоўчай мерапрыемстваў – Дзень пажылых людзей – прайшоў гэтак жа душэўна. Адным словам, загадчык бібліятэкі для вяскоўцаў – сапраўдны “генератар” ідэй, як актыўна і карысна правесці вольны час.

Пры ўсёй сваёй занятасці Ірына Вікенцьеўна – руплівая гаспадыня. Нездарма сядзіба Лоўчых каторы год запар лічыцца лепшым падворкам на тэрыторыі гаспадаркі. Летам двор патанае ў кветках, да якіх у жанчыны вялікі імпэт. Толькі ў хаце яна вырошчвае 75 пятуній і 120 сальвій! Сярод прымулаў і лілеяў, півоняў і гартэнзій, цюльпанаў і аксамітак прыжыліся дастаткова экзатычныя “госці” – блакітны агератум і белы алісум. Асобны ж гонар гаспадыні – кусты руж. Нават свая сямейная гісторыя з імі звязана. Раней, як расказала І. В. Лоўчая, было дастаткова праблемна вырасціць ружы на двары: выйдуць мужчыны касіць – ужо і не далічышся кветкі. Тады жанчына правяла своеасаблівую “кветкатэрапію” сярод дамачадцаў: угаварыла кожнага купіць саджанцы руж, пад яе кіраўніцтвам члены сям’і іх высадзілі і ўзгадавалі да кустоў. Цяпер кветкаводу-аматарцы не трэба нагадваць даглядаць за імі: муж і дзеці з вялікім задавальненнем сочаць, каб прыгожым “выхаванцам” было і вільготна, і камфортна на вялікім, прасторным двары. Асабліва ж стараюцца дарагія сэрцу ўнукі – Уладзік і Юля (на здымку).

На працы ў жанчыны таксама парадак. Нягледзячы на тое, што яна ўжо пяць гадоў як на пенсіі, справы бібліятэчныя ідуць па нарастаючай. У лік актыўных чытачоў увайшла не толькі мясцовая дзятва, але і іх бацькі. Ірына Вікенцьеўна зацікаўлена, каб даць дадому патрэбную кніжку не толькі школьніку, падбірае яшчэ нешта цікавае, адпаведнае літаратурным густам для мамы і таты. Не здае пазіцыі і старэйшае пакаленне, за год праз іх рукі праходзіць па 70 кніг і больш.  “Галоўнае – быць патрэбнай для людзей, – кажа Ірына Вікенцьеўна. – Тады і душа спакойная, і цяпло ўдзячнасці ад тых, каго выцягваеш з шэрані паўсядзённасці, сэрца грэе”. І я з ёй цалкам пагаджаюся.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий