Культура

Паводле “Уставы на валокі” (1557), сялянам дазвалялася паляванне на сваіх участках на ваўка, лісіцу, зайца, рысь, расамаху, вавёрку і “іншый звер малый…”. Найбольш распаўсюджанымі прыладамі палявання з’яўляліся лук са стрэламі, рагаціна (палка з моцнага дрэва з жалезным наканечнікам), а з XVI ст. і агнястрэльная зброя (рушніцы).

У 1595 г. пры наездзе на вёскі Семернікі і Леснікі татары захапілі маёмасць: двух валоў, ялавіцу, 5 бараноў, 9 бочак аўса, 60 курэй, 20 сыроў, 10 коп яек, 10 мужчынскіх сярмяг, 8 маткоў тонкага палатна па 40 локцяў у кожным і 10 грубага па 30 локцяў, 20 прасцін сініх, 5 сякер, 10 кос, 15 сярпоў, 20 жаночых кашуль і 8 мужчынскіх.

У 1778 г. І. Храптовіч заклаў у Вішневе жалезаліцейную фабрыку, якая выпускала літыя пласціны, а таксама каваныя стрыжні. Яна перастала дзейнічаць у 1860-я гады.

Мала хто ведае сёння аб тым, што Вішнева было адным з цэнтраў запалкавай вытворчасці ў Беларусі. У 1886 г. мяшчане Шая Каплан і Гірш Левін адкрылі фабрыку фосфарных запалак. Аб’ём яе вытворчасці дасягнуў у 1894 г. 12 тысяч руб. Але запалкі з жоўтым фосфарам, ядавітыя і вельмі небяспечныя ў карыстанні, імкліва выцясняліся больш зручнымі з чырвоным фосфарам – так званымі шведскімі. Менавіта такія запалкі пачала выпускаць адкрытая ў 1908 г. фабрыка купца Нахіма Давідавіча Рома. Яна мела бензіна-газавы рухавік у 11 к. с. і ганаровую назву “Электра”.

Па даных Усерасійскага перапісу 1897 г. на тэрыторыі раёна пражывала каля 58 тысяч чалавек. У асноўным гэта былі насельнікі шматлікіх сёл і вёсак, засценкаў і ваколіц, маёнткаў, фальваркаў і хутароў. Валожын, Вішнева, Івянец, Камень і Ракаў мелі статус мястэчак – населеных пунктаў пераходнага ад вёскі да горада тыпу, характэрных для Беларусі.

Буйнейшымі землеўладальнікамі былі Тышкевічы. У 1881 г. графу Венядзікту Тышкевічу належала ўсяго 7953 дзесяціны ў маёнтках Пяршаі і Доры, Родзеўшчына, Сівіца з фальваркам Вяла, Балоскаўшчына, Навінка, Пашкоўшчына ворыўнай, агароднай зямлі і сенажацяў, а таксама запушчанай зямлі 2066 дзесяцін, лесу таварнага 1300 дзесяцін.

 



Добавить комментарий