СЛОЎ НА ВЕЦЕР ЦЯПЕР НЕ КІДАЕ

Культура

Галіна і Максім вырашылі: што б там ні было, а трэба з’ездзіць у вёску, каб нарэшце навесці парадак на могілках блізкіх…

Чысцілі помнікі. Зграбалі леташняе лісце. Галіна прынялася фарбаваць агароджу. Корпаліся ўжо некалькі гадзін, а працы наперадзе яшчэ заставалася шмат. Стаміліся. Міжволі зрабіліся нервовыя. Галіна выпадкова запэцкала фарбай дарагі помнік. Максім тут жа прыняўся зачышчаць сляды неахайнасці. Але пляма толькі распаўзлася. Ён папракнуў жонку за неакуратнасць. Тая груба апраўдвалася ў адказ. Перапалка прадаўжалася некалькі хвілін. Жонка не шкадавала грубых слоў. Муж таксама не саступаў. Так усхадзіўся, што ў раздражненні ўзяў ды і выпаліў: “Каб ты тут і засталася!”

Пачуўшы такое, Галіна заплакала. Муж пачаў апраўдвацца, шчыра прасіў прабачэння. Далей праца на могільніку, зразумела, ужо не ладзілася. Першым дадому падаўся Максім. На душы было ніякавата. Але меркаваў, што вернецца жонка ў дом, у сэрцы яе боль ужо перагарыць, тады яны канчаткова і памірацца.

Прайшлі гадзіны са тры. Галіна не вярнулася. Ён вырашыў яшчэ крыху пачакаць. Аднак дарэмна: не прыйшла. Таму падаўся на могільнік, каб праверыць. Але  там таксама яе не было. Зазірнуў да суседзяў у вёсцы. Тыя таксама не бачылі жанчыны. Вырашыў патэлефанаваць у Валожын сябру, у якога былі запасныя ключы ад іх гарадскога дома. Папрасіў, каб схадзіў праверыў: можа, там Галіна. Той выканаў просьбу, але не абрадаваў Максіма, бо Галіны не аказалася. Усё ў пакоі стаяла не кранутым.

У тую ноч у вёсцы Максіму было не да сну. Ні свет ні зара завёў машыну і падаўся ў Валожын. Сам захацеў праверыць дом. І сапраўды: ніякіх слядоў прысутнасці жонкі. Вырашыў пазваніць у міліцыю, каб дапамаглі ў пошуках. Ужо ўзяў тэлефонную трубку ў руку. Але тут “тузанула” ў душы: “А схадзі яшчэ ў веранду, размешчаную з параднага ўваходу ў дом!”

Хуценька пашыбаваў па знаёмай сцежцы. Адамкнуў дзверы. Тут на ложку спала жонка.

Фіранкі шчыльна зацягнула. Святло ў доме не ўключала. Таму і засталася непрыкмечанай. Максім, адчуваючы сваю віну, не рашыўся яе будзіць. Тым больш, што была нядзеля, і на працу не трэба збірацца.

Аказваецца, Галіна дабралася да горада на спадарожнай машыне. Апынуўшыся на ўласнай сядзібе, вяла сябе асцярожна, каб нікому не выдаць сваю прысутнасць. І ёй гэта ўдалося.

Муж быў шчаслівы, што жонка знайшлася. Галіна таксама не была пазбаўлена шчаслівага адчування, што хоць такім чынам ёй удалося адпомсціць свайму крыўдзіцелю.

Той выпадак стаў для Максіма добрай навукай. Цяпер ён і сапраўды сто разоў падумае, перш чым сказаць нешта недарэчнае…

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий