ДУШОЙ ЗАЎСЁДЫ МАЛАДЫ!

Официально

Пачатак сёлетняга года для дзіцячага сада № 3 “Пралеска” райцэнтра азнаменаваўся прыгожым юбілеем: 40 гадоў таму, а менавіта 17 студзеня 1973 года, гэта дзіцячая дашкольная ўстанова прыняла сваіх першых маленькіх выхаванцаў.

Адкрыццё новага дзіцячага сада напачатку 70-ых гадоў стала для валожынцаў падзеяй прыемнай і доўгачаканай: светлы двухпавярховы будынак у цэнтры горада стаў першым спецыялізаваным месцам, пабудаваным менавіта для дзяцей. Два дзіцячыя сады-яслі, № 1 і № 2 у Валожыне, месціліся ў прыстасаваных памяшканнях – першы, па вуліцы імя М. Горкага, знаходзіўся ў старых графскіх маёнтках, а другі, па вуліцы Партызанскай, прапісаўся ў былой школе. Тым больш, усе яны былі перапоўнены. І вось зімовай парой 140 хлопчыкаў і дзяўчынак упершыню пераступілі парог новага дзіцячага сада пад нумарам тры, кіраўніцтва якім даверылі Ніне Васільеўне Селязнёвай. Як узгадала падчас юбілейнай урачыстасці адна з першых выхавальніц сада Марыя Міхайлаўна Макарэвіч, напачатку дзяцей даводзілася збіраць па хатах. А пасля групы настолькі ўкамплектавалі, што ў іх выхоўвалася па 36 дзяцей! У яслі прыводзілі малышоў, якім было ўсяго па году, бо жанчыны тады знаходзіліся ў дэкрэтным водпуску да дасягнення дзіцем паўтарагадовага ўзросту. За сорак гадоў існавання “Пралескі” адсюль у далейшае школьнае жыццё пайшло 1600 юных валожынцаў.

Ішоў час, мяняліся праграмы і метады выхавання, аднак заўсёды нязменным заставалася прызначэнне дзіцячай установы: выхоўваць, атуляць клопатам і ўвагай, на 8 працоўных гадзін, пакуль бацькі знаходзяцца на рабоце, замяняць дзецям самых родных для іх людзей. У 1981 годзе дзіцячы сад прыняла Тамара Васільеўна Дылеўская. Чатыры гады працавала яна на пасадзе загадчыцы і згуртавала вакол сябе дружны, працаздольны калектыў. Змяніла яе на гэтым пасту Галіна Іванаўна Каблукоўская, чалавек энергічны, таленавіты, разумны і бескарыслівы. За два дзесяцігоддзі яе працы сад ператварыўся ў адну з лепшых дашкольных устаноў раёна і стаў называцца цудоўнай, казачнай кветкі “Пралеска”. Менавіта пры Г. І. Каблукоўскай на базе сада была адкрыта эксперыментальная пляцоўка па рэалізацыі тэхналогіі “Першы крок”, якую тут паспяхова выкарыстоўваюць у рабоце і зараз.

Цяперашняя загадчыца Тамара Леанідаўна Кушаль кіруе садам сёмы год. Падначалены ёй калектыў, а гэта 35 работнікаў, стараюцца падтрымліваць закладзеныя тут традыцыі і адначасова шукаюць свой рацэпт прафесійнага майстэрства і поспеху, асаблівы падыход да дзяцей. Тут стараюцца максімальна разнастаіць выхаваўчы і адукацыйны працэсы, працуюць у цесным кантакце з бацькамі. Бо кожную раніцу тыя прыводзяць сюды 135 дапытлівых і гарэзлівых сваіх крывінак і заўсёды ўпэўнены, што на працягу дня яны будуць пад надзейнай апекай і доглядам.

Для ўстановы ці будынка 40-гадовы “ўзрост” – невялікі тэрмін, а тым больш для дзіцячага садка, які заўсёды застаецца не проста маладым, а нават юным душой. Юбілей стаў добрай нагодай, каб запрасіць усіх на свята, разам пагартаць старонкі гісторыі, успомніць гады станаўлення і развіцця, тых, хто стаяў ля вытокаў педагагічнай справы і пакінуў тут часцінку сваёй душы. А яшчэ – гэта добрая нагода, каб пачуць словы ўдзячнасці і павагі за працу, ну і, безумоўна ж, атрымаць падарункі. Ад раённага выканаўчага камітэта калектыву быў уручаны ноўтбук, аддзел адукацыі падарыў юбіляру машыну-аўтамат “Атлант”, значную грашовую дапамогу выдзелілі таксама прадпрыемствы і арганізацыі горада.

…Рыхтуючыся да юбілею, на сценах у калідоры вывесілі Ганаровыя граматы і падзякі розных узроўняў, што сведчыць пра высокую ацэнку працы калектыву. Як пасля высветлілася, гэта не ўсе ўзнагароды, бо для іх проста не хапіла месца. Мне падумалася, што галоўнай падзякай за працу кожнага, хто выхоўвае і фарміруе маленькае цуда, з’яўляецца магчымасць штодзень сутыкацца з простай дзіцячай непасрэднасцю, непадкупнай любоўю, дабрынёй іх сэрцаў, шчырасцю. І гэта, пагадзіцеся, самае важнае.

Алена ЗАЛЕСКАЯ.

 



Добавить комментарий