ЧОРНАЯ СТАТЫСТЫКА АГНЮ

Закон и порядок

адкрыла свой лік у вёсцы Войштавічы Багданаўскага сельсавета 3 лютага бягучага года

Тэма пажарнай бяспекі актуальная, бадай, на працягу ўсяго года. Многія фактары павінны быць задзейнічаны, каб прадухіліць магчымую бяду.

Але, нягледзячы на прымаемыя меры, здараюцца выпадкі, калі агонь нішчыць не толькі маёмасць. Непапраўная сітуацыя, калі ў полымі гінуць людзі…

За мінулагодні перыяд па стане на 12 лютага было зарэгістравана 6 пажараў у нашым раёне. У рэспубліцы ў цэлым гэта лічба куды больш значная. Толькі сёлета ў нашай краіне здарыўся 881 пажар, 171 выпадак, на жаль, скончыўся смерцю пацярпелых. Летась столькі ж чалавек загінула за ўвесь каляндарны год.

У гэтым годзе трагічную статыстыку ў нашым раёне распачала першая нядзеля лютага. У 11 гадзін 51 хвіліну ў ЦАУ Валожынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях патэлефанавалі з Багданаўскага сельсавета. Жанчына паведаміла, што ў жылым доме № 69 у вёсцы Войштавічы ўзнік пажар.

Першае падраздзяленне пажарных аператыўна накіравалася па трывожным выкліку.  Прыбыўшы на месца здарэння, байцы МНС убачылі наступнае: полымем быў заняты жылы пакой. На ложку знойдзены труп гаспадара домаўладання – Вячаслава Уладзіслававіча Часноўскага.

Працаваў ён паляводам у ААТ “Багданаўскае”. На жаль, у 49 гадоў такім трагічным чынам абарвалася яго жыццё.

Зразумела, кожны факт гібелі людзей заўсёды скрупулёзна расследуецца. Высвятляюцца ўсе прычыны, якія прывялі да такога цяжкага зыходу. Так было і на гэты раз. Сужыцелька гаспадара гэтага дома патлумачыла наступнае. З самай раніцы 3 лютага яна пайшла на жывёлагадоўчую ферму сельгаспрадпрыемства, дзе пазменна працуе вартаўніком.  В. У. Часноўскі ў той час спаў на канапе ў жылым пакоі. Вярнулася дадому жанчына амаль апоўдні. Наблізіўшыся да  жылога дома яна пачула пах дыму. Калі адчыніла дзверы ў пакой, то ўбачыла, што моцны едкі дым ужо запаланіў жылое памяшканне. А месца, дзе стаяла канапа, гарэла. Гаспадара ж дома на канапе яна не знайшла. Без прыкмет жыцця ён ляжаў на ложку, які стаяў на супрацьлеглым баку ад канапы. Цела мужчыны было абгарэлае.

…Да лютаўскага трагічнага здарэння гэтыя людзі жылі разам каля пяці гадоў. Гаспадар часта ўжываў спіртныя напіткі. Любіў таксама і пакурыць. Як пазней высветлілася, на прафілактычным уліку ніколі не стаяў.

Аналізуючы падобныя трагічныя здарэнні, можна безапеляцыйна заўважыць, што ўжыванне спіртнога найчасцей з’яўляецца асноўнай прычынай такіх ракавых выпадкаў. Чалавек, які ўжыў спіртное, страчвае пільнасць, пачуццё самакантролю. А калі бяспечнасць становіцца нормай паводзін у быце, як правіла, і здараюцца падобныя цяжкія выпадкі.

У вёсцы ж усе, як кажуць, навідавоку. Таму нельга быць нікому раўнадушным да лёсу людзей, якія не жывуць па агульнапрынятых правілах, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, якія схільныя да ўжывання спіртнога. Важна засцерагчы такіх людзей ад патэнцыяльнай бяды. Ні ў якім разе не прадаваць ім, іх сябрам, знаёмым гарэлку ў магазіне, а тым больш не зарабляць, рэалізуючы ім самагонку…

Кропка ў факце, які здарыўся 3 лютага ў Войштавічах, яшчэ не пастаўлена. Кожны выпадак пажару са смяротным зыходам заўсёды падрабязна аналізуецца адпаведнымі органамі. І ўсе, хто прама ці ўскосна маюць дачыненне да гэтай трагедыі, будуць прыцягнуты да адказнасці па законе.

Алег СКАДОРВА, начальнік раённага

аддзела па надзвычайных сітуацыях.

 



Добавить комментарий