У РАБОТАХ – СВЯТЛО І РАДАСЦЬ

Культура

“Ікона – маё акно да Бога” – так называецца выстава, якая адкрылася ў Валожынскім краязнаўчым музеі. Сорак праваслаўных і каталіцкіх іканапісных работ маладзечанскай мастачкі Ядвігі Сянько будуць дэманстравацца да 20 сакавіка.

Усе гэтыя работы створаны па благаславенні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта. “Мэта маёй творчасці – прынесці чалавеку святло і радасць, падарыць надзею, што дабрыня і прыгажосць, міласэрнасць, вера ва Усявышняга выратуюць свет. Мэта асабістага жыцця – стварыць Храм у душы, з гэтага і пачынаецца штодзённая праца іканапісца”, – кажа пра сябе мастачка.

Выстаўленыя ў музеі работы людзі ўспрымаюць па-рознаму. Нехта бачыць іканапісны абраз як карціну, хтосьці спрабуе разглядзець за іконай ўласны твор аўтара… Верагодна, і патрэбна вывучаць ікону з усіх бакоў – сакральнага, мастацкага, гістарычнага, матэрыяльнага, каб даведацца пра яе ўсё. Але раскрыць сваю тайну, выявіць сапраўдны сэнс можа толькі сама ікона і вера чалавека, які падышоў да яе…

У музеі забаронена дакранацца да святых ікон. Але сэрцам – можна…

Наталля ЛОЎЧАЯ,

дырэктар раённага музея.

 



Добавить комментарий