Крымінальная салярка

Закон и порядок

У гаражы ў вёсцы Брылькі Валожынскага сельсавета супрацоўнікамі групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі быў знойдзены амаль што двухсотлітровы запас фарбаванага дызельнага паліва. 

Аказалася, што прыватнае прадпрыемства, работнікам якога з’яўляецца гаспадар гаража, аказвала паслугі СВК «Пяршаі-2003» па размоле і здрабненні зерня і прыгатаванні кармоў для жывёлы. «Гаспадарлівы» вадзіцель-аператар стварыў лішкі дызельнага паліва, якім забяспечвала яго сельгаспрадпрыемства. Па заканчэнні працы, усе 178 «зэканомленых» літраў перакачавалі ў гараж «прадпрымальніка».

Вінаваты добраахвотна звярнуўся ў міліцыю з пакаяннем. У выніку раённым аддзелам следчага камітэта прынята рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.

 

Шчодрая адгрузка

Няўдачай скончылася спроба работніка транспартна-лагістычнага цэнтра, размешчанага каля Ракава, незаконным спосабам паправіць фінансавае становішча.

Дваццацічатырохгадовы мінчанін, камплектоўшчык цэнтра, падчас адгрузкі тавару для дастаўкі на гандлёвыя кропкі, маючы намер крадзяжу, незаконна ўключыў у пагрузачны спіс 118 упаковак дзіцячых падгузнікаў «Памперс» амаль на дзевяць мільёнаў рублёў.

Начальнік дэпартамента бяспекі лагістычнага цэнтра паведаміў аб знікненні таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў са складскога памяшкання прадпрыемства ў раённы РАУС. У хуткім часе супрацоўнікамі групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі вінаваты быў знойдзены і затрыманы.

 

Абясточылі камбайны

Невядомы зламыснік, разбіўшы аконнае шкло, незаконна трапіў нядаўна ў ангар для захавання сельскагаспадарчай тэхнікі ААТ «Лоск», размешчаны на мехдвары ў вёсцы Забрэззе Гародзькаўскага сельсавета.

У выніку з трох зернеўборачных камбайнаў «Дон-1500» зніклі шэсць акумулятараў на суму амаль сем мільёнаў рублёў. На месцы здарэння супрацоўнікамі міліцыі быў знойдзены толькі кавалак перакушанага электрычнага дроту. Узбуджана крымінальная справа.

 

Нерамантычная драма

Мёртвыя мужчына і жанчына знойдзены днямі на адным з раённых палігонаў бытавых адходаў.

Паводле першаснага агляду слядоў гвалтоўнай смерці не выяўлена. Дакладныя прычыны трагедыі ў хуткім часе высветліць экспертыза, аператыўнікі ж на дадзены момант разглядаюць два магчымыя сцэнарыі. Паводле аднаго з іх супрацоўніца палігона і яе знаёмы заснулі на марозе пасля распіцця алкаголю і загінулі ад пераахалоджвання. Магчыма, што смерць магла наступіць і ад занадта вялікай колькасці выпітага.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках падрыхтаваў

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий