Няпісанае шафёрскае правіла: лепш аб’ехаць сто кіламетраў па добрай дарозе, чым “паўзці” дзесяць па дрэннай, – на працы В. І. Гурскага дзейнічае не заўсёды. Маршрут руху, як правіла, Вячаславу Іванавічу прыходзіцца выбіраць самы найкарацейшы і мацней ціснуць на газ, нягледзячы на дарожныя недасканаласці.
Вячаслаў Іванавіч – вадзіцель машыны “хуткай дапамогі” Вішнеўскай урачэбнай амбулаторыі. Як ні пафасна гэта гучыць, але ад яго спрыту і майстэрства часам залежыць чалавечае жыццё.
Адсюль – каласальны груз адказнасці. Заўсёды своечасова трэба паспець у любую з 45 вёсак Сакаўшчынскага, Вішнеўскага і Багданаўскага сельсаветаў, над якімі ўрачэбная амбулаторыя нясе патранаж. Часта на выклікі Вячаслаў Іванавіч выязджае разам са сваёй жонкай Ліліяй – амбулаторнай медсястрой.
У працоўнай кніжцы В. І. Гурскага запісаў некалькі, але радніць іх нязменна адна прафесія – вадзіцель. За рулём аўтамабіля Вячаслаў Іванавіч ужо 33 гады.
Як і ўсе вясковыя хлапчукі, малым ён любіў вазіцца з рознымі агрэгатамі і механізмамі. Яго вабілі і заварожвалі хітрыя законы руху і сілы. Мабыць, тады і прачнулася ў дзіцячым сэрцы любоў да машын…
Прайшоўшы службу ў арміі ў далёкай Германіі ў войсках КДБ, бравы салдат Вячаслаў вярнуўся ў родныя Шуловічы. Пасля шмат гадоў калясіў па ўхабістых дарогах, працуючы шафёрам мясцовай сельскай гаспадаркі. “Хуткай” Вячаслаў Іванавіч кіруе ўжо адзінаццаты год.
З любой тэхнікай гэты кемлівы мужчына на “ты”, ведае яе, як свае пяць пальцаў. І гэта не выпадкова: па адукацыі Вячаслаў Іванавіч механік. Скончыў Мар’інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Вопытны вадзіцель не толькі ўмела можа кіраваць любой машынай, але, як дбайны гаспадар, па-майстэрску валодае і слясарнай справай.
Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ.