УДОД – ПТУШКА 2013 ГОДА

Культура

Стракатае жоўта-аранжавае апярэнне з чорна-белымі палоскамі і веерападобны чуб – гэта “моднік” і “фарсун” удод – адна з самых яркіх птушак, што гняздуюцца ў нашай краіне.

Удод мае сусветную вядомасць: упамінаецца на старонках Бібліі, з’яўляецца нацыянальнай птушкай Ізраіля, ёсць яго выява і на грашовых купюрах афрыканскай краіны Гамбіі, у Старажытным Егіпце гэту птушку лічылі свяшчэннай.

Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” абрала экстравагантнага ўдода птушыным сімвалам Беларусі на бягучы год у рамках нацыянальнай кампаніі “Птушка года”. Мэта кампаніі – паказаць хараство птушынай прыроды, а таксама звярнуць увагу на існуючыя праблемы. Птушкамі года станавіліся белы бусел, белая пліска, авяльга, дамовы верабей, гарадская ластаўка, барадатая кугакаўка, кнігаўка, звычайны салавей, вялікая белая чапля, шэрая гусь, сокал-пустальга, вялікі кулён, чорны стрыж.

 

ХАТКА Ў БУДАЎНІЧЫМ СМЕЦЦІ

Ці сустракаецца ўдод на Валожыншчыне? На жаль, дакладны арэал яго распаўсюджвання ў Беларусі невядомы – гэта адна з прычын, па якой ўдод стаў Птушкай года. Плануецца правесці ўлік гэтага віду ў рэгіёнах.

Сустрэць удода можна на Палессі. Ён любіць адкрытыя лугі і ўзлескі. Селіцца і побач жылля чалавека ў ціхіх вёсках, дзе-небудзь у сцяне пабудовы. Але часцей гняздуецца ў дуплах, у пясчаных насыпах, у карэнні дрэў, у кучах камянёў і нават у будаўнічым смецці.

У наш час удоду не хапае месцаў для гнездавання: старыя дрэвы ў лясах высякаюцца, дамы ў сельскай мясцовасці будуюцца з сучасных матэрыялаў, абкладаюцца сайдынгам – гэта і вымушае ўдода выбіраць нестандартныя месцы для сваёй хаткі.

У канцы 90-х гадоў у краіне налічвалася не больш за 20 тысяч пар удодаў. Зараз колькасць іх скарачаецца па ўсёй Еўропе. Таму арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, каб дапамагчы ўдоду, плануе ў гэтым годзе правесці мерапрыемствы па вырабе і размяшчэнні для яго штучных гнёздаў.

 

ТАЛЕНАВІТЫЯ АКЦЁРЫ

Адна з задач кампаніі – змяніць адмоўную “рэпутацыю” удода. У адрозненні ад большасці птушак, удоды ніколі не прыбіраюць памёт з гнязда, які паступова накопліваецца. Гнёзды маюць непрыемны пах, да таго ж зроблены яны вельмі нядбайна. Таму ва ўдода і з’явіўся “імідж” неахайнай птушкі.

На самой справе удоды сочаць за чысцінёй апярэння, прымаюць пылавыя ванны, каб ачысціцца ад паразітаў, а такі непарадак ў гняздзе – метад барацьбы з ворагамі.

Удоды разлічваюць, што ворага адпудзіць дрэнны пах гнязда. Птушаняты ўдода пакрыты бураватым пухам, калі да іх набліжаецца чужынец, яны пачынаюць імітаваць змяю, якая сядзіць у дупле – шыпяць і робяць рэзкія выпады ўбок ворага. Калі вораг паспрабуе залезці ў іх дупло, яны са спецыяльнай залозы каля хваста “абстраляюць” яго сакрэтам – смярдзючай вадкасцю. Калі і гэта не дапаможа, могуць выпусціць у ворага памёт.

У выпадку раптоўнай трывогі, калі няма магчымасці выратавацца ўцёкамі, дарослы ўдод выкарыстоўвае акцёрскія прыёмы: ён прыціскаецца да зямлі, распластаўшы крылы і хвост, задзірае ўверх дзюбу і затойваецца – прытвараецца нежывым.

 

ВЕРНАСЦЬ ПРАЗ ЎСЁ ЖЫЦЦЁ

Удод любіць спяваць. Хоць музыкант ён і не вельмі таленавіты, але дужа старанны. Сваю глухую песню “упупуп” птушка паўтарае да 30 разоў у хвіліну.

Жывуць удоды парамі, якія захоўваюць праз усё жыццё.

Рацыён птушкі – насякомыя, якія лічацца шкоднікамі сельскагаспадарчых і лясных культур. Спецыяльныя мышцы на галаве дазваляюць удоду адкрываць доўгую дзюбу ў зямлі і выцягваць адтуль жучкоў быццам пінцэтам.

Селяцца гэтыя птушкі па ўсёй  Еўразіі, Афрыцы і на Мадагаскары. Пазбягаюць толькі паўночных і тайговых раёнаў, а таксама рэгіёнаў з высокай вільготнасцю: крайні захад Еўропы, Брытанскія астравы і Альпы.

З Беларусі удоды адлятаюць зімаваць у больш цёплыя рэгіёны. Аднак у красавіку-маі вяртаюцца на гнездаванне ў нашу краіну.

Падрыхтавала Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *