НАВЕЧНА Ў ПАМЯЦІ

Люди и судьбы

На будынку Гародзькаўскай адзінаццацігодкі ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар Валянціна Міхайлавіча Сліжа, які загінуў пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку ў Рэспубліцы Афганістан. 

Будучы афіцэр Узброеных Сіл нарадзіўся 1 студзеня 1949 года ў вёсцы Гародзькі. Пасля заканчэння школы паступіў у Калінінградскае вышэйшае інжынернае вучылішча. З 1971 служыў у войсках на розных пасадах ва Украіне, у Беларусі, ГДР.

У Афганістане праслужыў 4,5 месяца начальнікам інжынернай службы палка. Вясной 1983 года падчас наступальнай аперацыі баявая машына пяхоты трапіла на міну. Валянцін Міхайлавіч загінуў. За праяўленыя мужнасць і гераізм маёр Сліж узнагароджаны ордэнам “За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР” 3-й ступені і пасмяротна ордэнам Чырвонага Сцяга.

На мерапрыемства ў Гародзькі прыехалі ўдава загінуўшага Галіна Іванаўна і дачка Вольга. Падчас цырымоніі ўвекавечвання памяці свайго мужа Галіна Іванаўна ўспамінала: “Прайшлі гады, вайна адышла ў гісторыю, зацягнуліся раны, але засталіся рубцы. У маёй памяці на ўсё жыццё застаўся халодны лістападаўскі вечар, калі Валянцін ад’язджаў у Афганістан. Да дома пад’ехаў “УАЗік”, выйшлі ваенныя, зайшлі ў кватэру – гэта таварышы па службе, сябры Валянціна. Прывіталіся і… цішыня… Ніхто не хоча гаварыць, няма патрэбных слоў. Валянцін стаў развітвацца – гэта немагчыма перадаць словамі. Асабліва цяжка яму было пакідаць маленькую дачушку, ён доўга не адпускаў яе. І тады малады лейтэнант ціха так прамовіў: “Таварыш маёр, пара…” Пацягнуліся месяцы чакання і трывог, а наўкола ішло жыццё сваім парадкам. Людзі працавалі, радаваліся, любілі, а мы заставаліся са сваімі перажываннямі сам-насам… Сёння мне хочацца сказаць вялікае дзякуй усім за памяць. Маладым хлопцам і дзяўчатам пажадаю многа шчаслівых і радасных дзён, добрай вучобы, каб сталі адукаванымі людзьмі…”

Прайшлі 24 гады, як апошні савецкі салдат пакінуў афганскую зямлю. З кожным днём усё далей і далей у гісторыю адыходзяць падзеі, якія там адбыліся. Лёс правёў воінаў далёкімі і крутымі дарогамі па небяспечных гарах, ахрысціў агнём і порахам жорсткай вайны… Яны ішлі туды не за ўзнагародамі, а выконвалі воінскі абавязак. Таму па праве заслугоўваюць павагі і пашаны, а тыя, хто загінуў – добрай памяці.

Алена ЗАЛЕСКАЯ.

 



Добавить комментарий