У СКАРБОНЦЫ ДОБРЫХ СПРАЎ БАГАТА

Общество

21 лютага бягучага года прайшла канферэнцыя Валожынскага раённага аддзела грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі”.

У нашым раёне функцыянуе каля трыццаці розных грамадскіх фарміраванняў. Яны сталі цэнтрамі насычанага жыцця, генератарамі розных ідэй і пачынанняў. Да таго ж гэта і месца, дзе людзям проста цікава быць разам, бо ў іх шмат агульнага, бо яны аб’яднаны духоўна-культурнымі, этнічнымі інтарэсамі. Сярод такіх грамадскіх арганізацый і раённая структура “Саюз палякаў на Беларусі”.

Каля 200 чалавек аб’ядналіся ў гэтую суполку. Тут  ключавую ролю іграе не нацыянальная прыналежнасць. Кожны, хто шчыра цікавіцца багатымі традыцыямі краіны-суседкі, хто імкнецца глыбей пазнаць яе гістарычную, культурную, этнічную спадчыну, можа далучыцца да членаў гэтай грамадскай арганізацыі. У раёне паспяхова працуюць 5 аддзелаў СПБ. Паміж імі няма канкурэнцыі, саперніцтва. Яны гарманічна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, абменьваюцца вопытам работы, пераймаюць адзін у аднаго лепшае з набыткаў. У кожнага рэгіянальнага структурнага фарміравання ёсць свой даволі багаты багаж зробленага, амбіцыйныя планы на будучае. А таму гэтай грамадскай арганізацыі было пра што распавесці на нядаўняй канферэнцыі ГА “Саюз палякаў на Беларусі”, якая праходзіла ў мінулы чацвер у раённым Цэнтры культуры. У яе рабоце прынялі ўдзел начальнік аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей аблвыканкама Таццяна Мікалаеўна Хмель, старшыня грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі” Мечыслаў Часлававіч Лысы, намеснік старшыні райвыканкама Пётр Іосіфавіч Бібік.

Выступаючы перад аўдыторыяй, кожны з іх пазітыўна ахарактарызаваў работу гэтай грамадскай арганізацыі. Былі названы многія мерапрыемствы, якія прайшлі ў нашым раёне ў апошнія гады, і сталі ўзорам для іншых рэгіёнаў вобласці. Узяць хаця б Дзень польскай культуры, які праводзіўся ў Івянцы і іншыя мерапрыемствы. Не выпадкова прагучала меркаванне: Валожынскі раён заслугоўвае права стаць базай для абмену вопытам ужо і на рэспубліканскім узроўні.

А зроблена і сапраўды  нямала. У гэтым пераканала і выступленне на канферэнцыі намесніка старшыні раённага аддзела Валянціны Карнееўны Відзевіч. У прыватнасці, яна зазначыла:

– Адным з важных накірункаў работы з’яўляецца вывучэнне польскай мовы, якую спасцігаюць у гуртках, на факультатыўных занятках і ва ўстановах адукацыі больш за 100 вучняў. Сёлета сфарміраваны і дзве дарослыя групы з 36 чалавек.

Вялікую цікавасць выклікае далучэнне да традыцый Польшчы, яе культуры, літаратуры, песеннай творчасці. Традыцыйнымі сталі калядныя і велікодныя сустрэчы, конкурсы польскай паэзіі і песні. Выставы традыцыйнага польскага касцюма, страў нацыянальнай кухні.

У СДК Вішнева паспяхова прайшло выступленне ансамбля “Вішнеўскія скаваранэчкі”, якім кіруе Э. А. Барадака. Г. А. Бянкевіч з Ракаўскага аддзела прымала ўдзел у рэспубліканскім конкурсе польскамоўнага дыктанта і заняла 4 месца сярод ста ўдзельнікаў. Яна паспяхова займаецца перакладчыцкай дзейнасцю.

Актыўна працуе Івянецкі аддзел. Тут пастаянна арганізуюцца паездкі дзяцей і дарослых па памятных і гістарычных мясцінах. У Доме польскім з поспехам праходзяць выставы маладых мастакоў, конкурсы малюнкаў і інш. Штогод арганізуюцца экскурсійныя туры ў Польшчу.

Члены грамадскай арганізацыі раёна падтрымліваюць парадак месцаў пахавання польскіх салдат.

Актывісты Сівіцкага аддзела аказваюць пасільную дапамогу састарэлым  членам СПБ.

На раённай канферэнцыі былі выбраны дэлегаты (14 чалавек) на Мінскую абласную канферэнцыю гэтага грамадскага аб’яднання, якая адбудзецца ў бліжэйшыя дні. Самым прадстаўнічым быў Івянецкі аддзел, адсюль дэлегаваны 6 чалавек.

На абласным форуме  члены “Саюза палякаў на Беларусі” выберуць самых дастойных на будучы з’езд гэтай грамадскай арганізацыі. Дарэчы, з’езд праводзіцца адзін раз у чатыры гады,  ён абмяркоўвае зробленае і выпрацоўвае стратэгію далейшай дзейнасці грамадскага фарміравання.

Ёсць нешта сімвалічнае ў тым, што раённая канферэнцыя праводзілася, калі ў Беларусі адзначаўся Дзень роднай мовы. І наша мілагучная родная мова, і такая ж напеўная  польская, і серабрыста-кранальная руская гучалі ў той дзень у глядзельнай зале. Панавала атмасфера ўзаемапавагі, праяўлення нацыянальнай самасвядомасці, этнічнай згоды.

У нашым грамадстве кожнаму чалавеку дадзена права і магчымасць праявіць сваю нацыянальную самабытнасць, этнічную выразнасць не парушаючы законаў гармоніі, згоды і павагі ў агульнай шматнацыянальнай супольнасці, якой з’яўляецца Беларусь, дзе жывуць прадстаўнікі больш 140 нацыянальнасцей і народнасцей.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий